Лепшыя чытачы абласной бібліятэкі 2019 года

На працягу 2019 года да паслуг Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага звярнулася звыш 41 тыс. жыхароў нашай вобласці, якімі прачытана больш за 700 тыс. экзэмпляраў выданняў, прадстаўленых у бібліятэцы на 75 мовах свету.

Па выніках мінулага года калектывам установы вызначана 10 лепшых чытачоў, узнагароджанне якіх адблылося 14 студзеня падчас правядзення ўрачыстага мерапрыемства “Кніжная скарбніца Прынёмання – новы фармат”.

Пераможцамі конкурсу сталі:

Аляксандр Людвігавіч Вярсоцкі, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама

 

 

 

 

 

 

Аляксандр Людвігавіч – чалавек, які шмат чытае, мае рознабаковыя інтарэсы, цікавіцца гісторыка-дакументальнай літаратурай, творамі сучасных беларускіх аўтараў, бестселерамі – і галіновымі, і мастацкімі. Любоў да чытання і бібліятэкі прывівае і сваім цудоўным дочкам, якія з задавальненнем наведваюць дзіцячы філіял.

 Эдмунд Станіслававіч Ярмусік

Адзін з самых адданых і верных чытачоў абласной бібліятэкі. Яго чытацкі стаж налічвае звыш 40 гадоў. Доктар гістарычных навук, прафесар Гродзенскага ўніверсітэта імя Я.Купалы, цудоўны даследчык – ён заўсёды дае станоўчую ацэнку фондам навуковай бібліятэкі.

Галіна Сяргееўна Бабахава

Чытацкі фармуляр Галіны Сяргееўны сведчыць аб тым, што яна сапраўдны аматар кнігі, чытання і бібліятэкі. Цікавіцца гістарычнай літаратурай, творамі сучасных аўтараў, не прапускае навінкі ў фондзе бібліятэкі.

Ніна Сяргееўна і Барыс Міхайлавіч Іванчукі

Гэта цудоўная пара штотыднёва наведвае аддзелы бібліятэкі. У сукупнасці імі ў 2019 годзе прачытана звыш 500 экзэмпляраў кніг, а гэта… больш за 150 тысяч старонак. Ніна Іванаўна таксама з’яўляецца актыўным удзельнікам аматарскага аб’яднання “Литературные четверги”, якое існуе пры ўніверсальнай чытальнай зале на працягу 35 гадоў.

Марына Віктараўна Кобрынец

Пераможца конкурсу любіць патрымаць у руках традыцыйную кнігу, але яна таксама актыўны карыстальнік электроннай бібліятэкі “ЛитРес” і баз дадзеных, створаных супрацоўнікамі абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Карскага. Дзякуючы любові да кнігі Марыны Віктараўны, традыцыя чытання актыўна падтрымліваецца ў яе сям’і. Сям’я Кобрынец: бацькі Марына і Дзмітрый, а таксама іх дзеці Ягор, Алеся і Яна – актыўныя наведвальнікі галоўнай кніжніцы вобласці.

Андрэй Львовіч Махнач

Актыўны наведвальнік бібліятэкі, аматар кніг і часопісаў пра падарожжы і прыгоды, а таксама твораў класікаў сусветнай літаратуры. Андрэй Львовіч выступае таксама ў якасці валанцёра падчас правядзення абласной бібліятэкай дабрачынных мерапрыемстваў для дзяцей-сірот і дзяцей-інвалідаў.

Дзмітрый Мікалаевіч Радзівончык

Цудоўны паэт, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Дзмітрый Мікалаевіч вельмі цікавіцца іншымі творцамі слова. Смела можна сказаць, што яго другім домам з’ўяляецца абласная бібліятэка.

Аксана Мікалаеўна Тамільчык

Аксана Мікалаеўна пазнаёмілася з бібліятэкай падчас выязных дзён інфармацыі, якія праводзяцца на прадпрыемствах і ўстановах горада, і ў тым ліку ў філіялах Беларусбанка. І цяпер яна актыўна наведвае залы Гродзенскай абласной бібліятэкі.

Яўгенія Масленікава

Жэня вучыцца ў 5 класе гімназіі №3 горада Гродна. Яна актыўны чытач і верны сябра дзіцячага філіяла. Кола яе чытацкіх інтарэсаў – казачныя і фантастычныя гісторыі. Будучы адоранай дзяўчынкай, Яўгенія выкананнем музычных твораў, упрыгожвае шматлікія бібліятэчныя мерапрыемствы.

Альгерд Данільчык

Альгерд – вучань 3 класа Гродзенскай гарадской гімназіі. Ён – лідар па колькасці прачытаных кніг – амаль 300 экзэмпляраў за год. Чытацкія перавагі Альгерда – прыгодніцкія раманы і аповесці, навукова-пазнавальныя выданні. Любіць ён і кнігі беларускіх аўтараў.

Яшчэ раз віншуем усіх, хто стаў “Лепшым чытачом Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Карскага 2019 года”!