Творчая сустрэча з польскімі паэтамі
23 мая 2018 г. ва ўніверсальнай чытальнай зале ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” адбылася творчая сустрэча з вядомымі польскімі паэтамі і выдаўцамі Аляксандрам Наўроцкім і Барбарай Юркоўскай, якія завіталі ў Гродна з Варшавы.
Нагодай да візіту была выдадзеная сумесна з Гродзенскім аддзяленнем ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” анталогія польскай і беларускай паэзіі “Масты: Гродна-Варшава. Mosty: Grodno-Warszawa” (выдавецтва IBIS, Варшава, 2017).
Старшыня Гродзенскага аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Людміла Кебіч пазнаёміла прысутных са зместам выдадзенай анталогіі, падкрэсліваючы, што творы ў выданні надрукаваны на мове арыгінала. Пераклад вершаў польскіх пісьменнікаў здзейснілі гродзенскія літаратары, а адпаведна пераклад беларускіх аўтараў быў зроблены польскімі калегамі.
Аляксандр Наўроцкі, які таксама з’яўляецца ўладальнікам выдавецтва IBIS, распавёў пра свой творчы шлях, выдавецкую дзейнасць, закрануў пытанні літаратурнага працэса ў сучаснай Польшчы. Барбара Юркоўска падкрэсліла ўніверсальны характар паэзіі, якая не ведае межаў.
Прысутныя мелі магчымасць задаць пытанні гасцям з Варшавы, прачытаць свае творы. Адбылася жывая і спантанная дыскусія на самыя розныя тэмы, датычныя літаратуры і мастацтва.