“Творы і творцы”: сустрэча з гродзенскім пісьменнікам Пятром Сямінскім

18 сакавіка 2018 года ў аддзеле абанемента адбылося чарговае мерапрыемства ў рамках грамадска-літаратурнай акцыі “Творы і творцы”. Чытачы абласной бібліятэкі сустрэліся з гродзенскім пісьменнікам Пятром Сямінскім, уладальнікам ганаровага тытула “Бронзавае пяро Беларусі”, лаўрэатам конкурса “Залаты Купідон”, пісьменнікам, які паспрабаваў свае сілы ў розных літаратурных жанрах і накірунках – фантастыка і дэтэктыў, экспромт і сатырычная пародыя.
  Пётр Яраслававіч займальна, з тонкім гумарам, ва ўласцівай яму манеры ўжывацца ў ролю свайго лірычнага героя, эмацыйна чытаў вершы, пародыі на творчасць сваіх калег, а таксама прэзентаваў і ахарактарызаваў свае кнігі.
Характэрнай рысай пісьменніка з’яўляецца тое, што ён дасканала валодае рэдкай жанравай формай – бурымэ – цуд паэтычнага экспромту. Ён лёгка, па-добраму, вытанчана за лічаныя хвіліны стварыў новы верш літаральна на вачах, выкарыстоўваючы прапанаваныя слухачамі словы. Канешне ж, гэта выклікала вялікае захапленне ў прысутных.
Супрацоўнікамі аддзела абанемента была падрыхтавана выстава кніг і калектыўных зборнікаў П. Сямінскага, а таксама выданняў, прысвечаных жыццёваму і творчаму шляху госця.