Літаратурны “Бум” у Гродне

4 чэрвеня КНІГА сабрала жыхароў і гасцей горада Гродна на VI Гарадзенскім Літфэсце, дэвізам якога сталі словы “Нас яднае Беларусь”.

Насычаная літаратурная праграма аб’яднала творчых людзей з розных куткоў Прынёманскага краю і тых, хто завітаў на свята. Са сцэны гучалі вершы класікаў беларускай і замежнай літаратуры, сучасных творцаў слова, мелодыі і песні пра родную старонку.

У межах фестывалю працавалі святочныя пляцоўкі бібліятэчных сістэм вобласці з цікавымі забавамі для наведвальнікаў: фотазоны з касцюмамі і аксэсуарамі , апетытнае “бібліякафэ”, гістарычныя постаці, фота і кніжныя выставы, інтэлектуальныя спаборніцтвы, літаратурныя латарэі і шмат іншага.

Упершыню ўвазе гродзенцаў і гасцей нашага цудоўнага горада была прадстаўлена выстава работ удзельнікаў конкурсу самаробнай лялькі “Вернісаж літаратурных герояў”, якая дала магчымасць дакрануцца да персанажаў любімых кніг.

Для маленькага чытача супрацоўнікі абласной бібліятэкі падрыхтавалі навукова-забаўляльную станцыю з незвычайнымі выданнямі мастацкай і навуковай літаратуры, літаратурным майстар-класам, віртуальнымі гульнямі і Лега-канструяваннем.

Кніжны фестываль арганізаваны Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкай імя Я.Ф. Карскага ўжо стаў традыцыйным святам і брэндавым мерапрыемствам установы.

Мы шчыра дзякуем за дапамогу ў правядзенні ЛітФэста: Навуковую бібліятэку Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, ДУА “Гродзенская дзіцячая школа мастацтваў імя А.Тызенгаўза”, ДУА “Гімназія № 10 г.Гродна”, ДУА “Яслі-сад №72 г.Гродна”, Гродзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, ваенны аркестр вайсковай часткі 5522 Міністэрства ўнунтраных спраў Рэспублікі Беларусь г. Гродна, народны фальклорны калектыў “Жывіца”, Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж.

Сустрэнемся ў наступным годзе на самай літаратурнай падзеі ў жыцці Гродзеншчыны.