Беларуская літаратура: новыя імёны і папулярныя творы
У апошнія гады выходзіць вялікая колькасць кніг для дзяцей – на беларускай і рускай мовах. З’яўляецца ўсё больш новых айчынных маладых аўтараў, творы якіх з задавальненнем чытаюць дзеці розных узростаў. Сучасная беларуская літаратура для дзяцей імкнецца задаволіць запатрабаванні маленькіх чытачоў.
Дзіцячы філіял прапануе кнігі на беларускай мове, якія, безумоўна зацікавяць вас: яны цудоўна ілюстраваны, маюць незвычайную назву і захапляльны змест. Спадзяёмся, што кожная кніга адкрые нешта новае, яркае, цікавае, неспадзяванае.
Атрошанка, Т. А. Байкі ды казкі бабкі Параскі / Таццяна Атрошанка. ─ Мінск : Звязда, 2021. ─ 62 с.
Таццяна Атрошанка ─ член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэса, празаік, кампазітар і выканаўца, лаурэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.
“Байкі ды казкі бабкі Параскі” ─ плён творчага тандэма пісьменніцы і мастачкі Аксаны Аракчэевай-Кіпхарт. Неверагодныя гісторыі, змешчаныя ў кнізе, дазваляюць чытачу трапляць разам з казачнымі героямі ў незвычайныя жыццёвыя абставіны. Чытач вучыцца пераадольваць цяжкасці, разважаць, лепш разбірацца ў таямніцах чалавечай душы, больш уважліва глядзець на тых, хто побач, шырэй бачыць навакольны свет. Казкі і байкі фарміруюць правільныя ўяўленні пра сумленне, годнасць, смеласць, дабрыню, справядлівасць і шчасце.
Для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту.
Багданава, Л. Як маленькія сябры найвялікшы скарб шукалі / Ліна Багданава. ─ Мінск : Беларусь, 2020. ─ 87 с.
Ліна Багданава жыве і працуе ў Гродна. У 2017 годзе ў выдавецтве “Народная Асвета” выйшла першая дзіцячая кніга з серыі “В контакте”.
Новая казка аўтара знаёміць з жыхарамі вялікага беларускага гарадка. Яначка і Данька збіраюцца ў першы клас. Добрая малеча вырашае падараваць сваёй школе што-небудзь вельмі прыемнае, важнае і каштоўнае. Але дзе знайсці такі падарунак, які б усім у школе быў карысны? Дый не толькі ў школе… На дапамогу дзецям прыходзіць казка. Берагіня найлепшых традыцый свайго краю Скарынка знаходзіць дзятве незвычайных памочнікаў – беларускіх гномаў. Тыя разбрыдаюцца па краіне, каб адшукаць найвялікшы скарб.
Для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.
Грушэцкі, А. Л. Краіна Вымярэнія / Алег Грушэцкі, Віктар Козел. ─ Мінск : Кнігазбор, 2019. ─ 25 с.
“Краіна Вымярэнія” ─ адукацыйная казка маладога беларускага пісьменніка, публіцыста, перакладчыка Алега Грушэцкага. Кніга была выдадзена ў 2019 годзе і падрыхтавана да пачатку навучальнага года з мэтай дапамагчы маленькім школьнікам хутка і не сумна засвоіць адзінкі вымярэння. І ўсе гэтыя веды пададзены не ў сухой навучальнай форме, а праз казачныя апавяданні, дзе галоўныя героі ─ насельнікі казачнага лесу. Кожнае апавяданне сканчаецца плыўным пераходам у наступную тэму, утвараючы такім чынам адзінае арганічнае цэлае, дзе ўсе гісторыі паміж сабою лагічна злучаны.
Для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
Конеў, Я. Ф. Прыгоды дамавічкоў / Ягор Конеў. ─ Мінск : Звязда, 2021. ─ 44 с.
Цудоўная навіна для аматараў чытання! У Выдавецкім доме “Звязда” пабачыла свет кніга пісьменніка, драматурга Ягора Конева “Прыгоды дамавічкоў”. Аўтар гістарычных раманаў, любіць ствараць гісторыі пра дамавічкоў.
Здаўна так павялося, што на вёсцы ў кожнай хаце ёсць дамавік. А ў сяле Зарэчча ў дамку на ўскраіне іх аж двое – дамавічок Шушык і дамавушка Жуля. Руплівы Шушык любіць ва ўсім парадак, а гарэза Жуля любіць, каб людзі ў доме не хварэлі, а свойская жывёла не зазнала гора. Дамавічкі сумесна адваджваюць ад дома і яго жыхароў усялякае ліха і злыбяду. Кожнае перажытая імі прыгода знаёміць з багатым светам беларускага фальклору і з правіламі разумнага жыцця.
Для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.
Мікалаеў, Д. М. Прыгоды дзяўчынкі Алены / Дзмітрый Мікалаеў. ─ Мінск : Беларусь, 2020. ─ 140 с.
Гэта новы зборнік апавяданняў пісьменніка Дзмітрыя Мікалаева, аўтара вядомай казкі пра павучка Проню. Усе прыгоды дзяўчынкі Аленкі расказваюцца дасціпла, з гумарам, цікава і для маленькіх чытачоў, і для дарослых.
“Знаёмцеся: мяне завуць Алена і я звычайная дзяўчынка. Але мой тата гаворыць, што я не зусім звычайная. Па-першае, я – рыжая. А па-другое – у мяне ёсць мара. Яна ў мяне асаблівая: я вельмі жадаю вынайсці мову жывёл. Каб усе людзі на Зямлі маглі разумець іх. Мне вельмі падабаецца, калі тата расказвае мне пра сваё дзяцінства альбо расказвае мне на нач сваю казку. Не верыце? А вы прачытайце самі”.
Для дзяцей малодшага школьнага ўзросту.
Пярун, Г. С. Прыгоды сяброў і парады ад Усімдапамагайкіна / Галіна Пярун. ─ Гомель : Барк, 2020. ─ 171 с.
Галіна Пярун ─ новы беларускі аўтар. Яна піша таксама і творы для дарослых. А “Прыгоды сяброў і парады ад Усімдапамагайкіна” – гэта яе першая кніга для дзяцей. Яе складаюць вясёлыя і цікавыя аповесці і казкі. Героі жывуць, разважаюць, гуляюць, весяляцца і сваволяць, атрымліваюць парады, а таксама трапляюць часам у надзвычай складаныя сітуацыі, але заўсёды знаходзяць з іх выйсце. Казкі, што уваходзяць у кнігу, здольны захапіць юных чытачоў. А паводзіны і учынкі герояў вучаць дзяцей быць добрымі, шчырымі, спагадлівымі, ветлівымі, цаніць сяброўства і разумець агульначалавечыя каштоўнасці, самі робяць добрыя справы і вучаць іх рабіць іншых.
Для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзростаў.
Тамілава, Т. А. Феі / Таня Тамілава. ─ Мінск : Галіяфы, 2019. ─ 14 с.
Аўтар кніжкі вершаў “Феі” Таццяна Тамілава па адукацыі рэдактар-тэхнолаг, у жыцці мама трох дзяцей: “Люблю кнігі чытаць і ствараць, знаёмлю дзяцей з цікавай літаратурай і выдумляю для іх тое, што не знайшла ў кнігарні”.
Ці бываюць беларускія феі? Што яны робяць? І як выглядаюць? Менавіта з імі, феямі, якія прыйшлі з беларускіх міфаў, і знаёміць кніга юных чытачоў. Кожная фея мае свае заняткі, свае непаўторныя рысы і якасці, што надаюць ёй казачную вабнасць. А ўсе разам яны робяць гэты свет прыгожым і дзівосным.
Для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
Ясмінска, Н. Чароўныя ніткі пані Яніны / Надзея Ясмінска ─ Мінск : Чатыры чвэрці, 2020. ─ 33 с.
Надзея Ясмінска ─ мінская пісьменніца, казачніца, аўтарка п’ес. Лаўрэатка Прэміі Цёткі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў. “Чароўныя ніткі пані Яніны” – новая кніга апавяданняў пісьменніцы.
Аднойчы на Зарэчнай вуліцы адбылося Надзвычайнае і Таямнічае здарэнне. У самых нечаканых месцах з’явіліся дзікія звяры: ліса ў булачнай, бабёр у газетным кіёску, норка ў ювелірнай краме… А яшчэ недзве разгульвае чорная і калматая пачвара! Дзеці з Зарэчнай вырашылі злавіць яе і разгадаць таямніцу. І нітачкі гэтай заблытанай справы прывядуць іх да чароўнага вязання пані Яніны.
Для дзяцей малодшага школьнага ўзросту.
Гэтыя кнігі і шмат іншых цікавых гісторый ад сучасных беларускіх аўтараў чакаюць вас у дзіцячым філіяле па вул. Савецкай, 25!