“Гродна ў ХХ стагоддзі”
Чарговая выстава, якая адкрылася ў рамках праекта “Дакрануцца да гісторыі” – “Гродна ў ХХ стагоддзі”. І на гэты раз у бібліятэцы прадстаўлены дакументы, друкаваная прадукцыя, прадметы матэрыяльнай культуры з прыватных калекцый гродзенцаў. Яны давалі наведвальнікам выставы пэўнае ўяўленне аб падзеях ХХ стагоддзя, якія адбываліся ў нашым горадзе. На выставе прысутнічалі экспанаты з асабістых калекцый А. Сявенкі, Л. Рымарчук, Я. Паруліса.
Пачыналі выставу гістарычныя матэрыялы з пачатку ХХ стагоддзя. Тут можна было паглядзець на фотакарткі Гродна таго часу, параўнаць знешні выгляд вуліц і дамоў, пабачыць архітэктурныя помнікі, якія не захаваліся да нашага часу.
Многія экспанаты апавядалі аб падзеях Першай сусветнай вайны 1914-1918 гг., якія моцна закранулі горад Грона.
Шмат экспанатаў было прысвечана абласному цэнтру ў складзе Другой Рэчы Паспалітай. У 1921-1939 гадах Гродна – усяго толькі павятовы горад на “крэсах усходніх” Польшчы. Сведкамі тагачасных падзей з’яўляюцца дакументы, прадстаўленыя на паліцы “Савецка-польская вайна 1920 года”.
Тут жа можна паглядзець на старадаўнія фотаздымкі савецкіх чырвонаармейцаў і польскіх жаўнераў. Шматлікія іншыя матэрыялы расказваюць нам аб старонках быту гарадзенцаў у міжваенны перыяд.
Дакументы ваеннага часу прадстаўлены газетамі 1944 года “Раздавім фашысцкую гадзіну”, “Народный мститель” і “Чырвоная звязда”, зваротам Скідзельскага падпольнага райкома ЛКСМБ да моладзі ў чэрвені 1944 года незадоўга да вызвалення Гродна, іншымі дакументамі і фотаздымкамі гродзенскіх франтавікоў.
Кнігі, дакументы, памятныя знакі аб прадпрыемствах горада апавядаюць нам аб пасляваенным перыядзе ў жыцці Гродна.
Аб асобных старонках савецкага перыяду развіцця нашага горада можна меркаваць па розных дакументах, агітацыйных буклетах, плакатах таго часу. Асобнымі раздзеламі на выставе прадстаўлены “Вышэйшая адукацыя ў Гродне”, “Гродна – горад музеяў”, “Па “лесвіцы кахання”, “Бацька наш Нёман” і інш.
Праект “Дакрануцца да гісторыі” стаў вельмі цікавай падзеяй у жыцці бібліятэкі. У цяперашні час аддзелам мастацтва рыхтуюцца новыя выставы, якія пройдуць у яго рамках.