«Янка Купала i Якуб Колас – нацыянальны гонар Беларусi»
2022 год аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Памятаць аб мінулым – значыць яшчэ і аддаваць даніну тым вялікім людзям, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё краіны. Таму вельмі сімвалічна, што гэты год таксама праходзіць пад знакам 140-годдзя з дня нараджэння славутых пісьменнікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Нашы народныя паэты, пісьменнікі-класікі, яны з’яўляюцца галоўнымі сімваламі беларускай літаратуры, якія найбольш яскрава раскрылі наш характар, менталітэт, нацыянальную самасвядомасць, духоўныя каштоўнасці і пачуцці беларусаў.
На выставе “Янка Купала і Якуб Колас – нацыянальны гонар Беларусі” прадстаўлена каля 300 экспанатаў, прысвечаных класікам беларускай літаратуры, з фондаў абласной бібліятэкі і прыватнай калекцыі Аляксанда Сявенкі.
Адным з галоўных экспанатаў выставы з’яўляецца фотаздымак сустрэчы Якуба Коласа з франтавікамі, зроблены ў пераможным 1945 годзе. Вялікую цікавасць уяўляе партсігар залатога колеру з выявай Янкі Купалы, выпушчаны ў БССР у 1962 годзе, і невялікі бюст Янкі Купалы, выкананы ў савецкую эпоху.
На выставе можна азнаёміцца з рэпрынтнымі перавыданнямі кніг Янкі Купалы і Якуба Коласа, выпушчанымі ў савецкі перыяд. Гэта копія Пецярбургскага выдання зборніка вершаў Янкі Купалы “Жалейка” 1908 года, рэпрынт кніг Якуба Коласа “Песьні-жальбы” 1910 года і “Іншае чытанне для дзяцей беларусаў” 1909 года.
Прысутнічаюць у экспазіцыі і арыгінальныя рэдкія выданні Янкі Купалы і Якуба Коласа пачатку ХХ стагоддзя. Гэта зборнік “Апавяданні і легенды вершам”, выдадзены лацінкай у друкарні Марціна Кухты ў Вільні напярэдадні Першай сусветнай вайны, у 1914 годзе. У гэты зборнік увайшлі творы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Не менш каштоўным з’яўляецца “Беларускі каляндар на 1925 год”, выдадзены ў Вільні пад рэдакцыяй Макара Краўцова, ураджэнца вёскі Баброўня Гарадзенскага павета. Адна са старонак календара цалкам прысвечана творчасці Янкі Купалы і ўтрымлівае яго партрэт, на многіх іншых лістах апублікаваныя вершы або фрагменты твораў Купалы і Коласа.
Самы стары экспанат выставы, звязаны з класікамі-юбілярамі – паэма Тараса Шаўчэнкі “Кацярына”, выдадзеная ў 1911 годзе на беларускай мове. Пераклад з украінскай мовы быў зроблены Ф. Чарнышэвічам пад рэдакцыяй Янкі Купалы.
Ёсць у экспазіцыі і кніга Янкі Купалы франтавай пары “Выбраныя творы”, выдадзеная Дзяржаўным Выдавецтвам БССР у 1944 годзе.
На выставе акрамя кніг і альбомаў можна убачыць паштоўкі, канверты, медалі, плакаты, грампласцінкі, самаробную ляльку па матывах твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа і іншыя экспанаты.