СЯДЗІБНЫ ДОМ ГРАФА В.ТЫШКЕВІЧА г.Свіслач

Сядзібны дом графа Вінцэнта Тышкевіча – вялікі драўляны дом, які быў размешчаны ў маляўнічым кутку Белавежскай пушчы.

Таблічка, устаноўленая перад сядзібай, абвяшчае: “Гэта месца называлі кавалачкам раю ў XVIII стагоддзі…”.

Дом быў пабудаваны ў XVIII ст. на каменным фундаменце, пад якім знаходзіліся 4 падвалы. Ён быў абшыты дошкай і накрыты гонтай, меў  дзесяць пакояў, у шасці з іх падлога была цагляная, у  чатырох – драўляная. Столь чатырох пакояў была абабіта палатном, а ў астатніх – драўляная. Кожны з пакояў  ацяпляла кафельная галандская печ.

У цэнтральнай частцы дома знаходзіліся: канцылярыя, два кабінеты, спальня, гардэроб графа. Справа ад цэнтральнага ўваходу размешчалася сталовая з двумя вокнамі, злева – вялікая  зала, у якой пад час кірмашоў за сталом можна было размясціць каля ста чалавек. Дзверы з залы вялі ў вуглавы салон, абклеены блакітнымі шпалерамі. У салоне абапал сцен былі растаўлены канапы і альховыя столікі чорнага колеру. На вокнах віселі белыя муслінавыя гардзіны, у цэнтры стаяў більярдны стол на два локця ў шырыню.

Насценны гадзіннік і партрэты сям’і Панятоўскіх, напісаныя італьянскім мастаком Бачарэлі, былі адзінай раскошай сціплых апартаментаў графа-мільянера.

Цэнтральны корпус дома (галоўны будынак) быў аб’яднаны з двумя бакавымі флігелямі і ўтвараў літару  “П”.

У правым флігелі размешчаліся пакоі для гасцей і тэатральная зала.

У левым флігелі размешчаліся: кухня, пакоі для прыслугі, дзве кладоўкі.

Самы першы будынак не захаваўся, а цяперашні быў адноўлены нашчадкамі арыстакрата ў 1936 годзе па старадаўніх чарцяжах.

У летнюю пару, гаспадары і госці праводзілі час у прылеглым да дома парку-дэндрары. У ім па гэты дзень захаваліся дрэвы і хмызнякі, якія не растуць на тэрыторыі пушчы. Найбольш прыкметныя чырвоны дуб і веймутава хвоя.

Сядзіба графа Тышкевіча ўключана ў адзін з турыстычных маршрутаў па Белавежскай пушчы.