Самаробная кніга
База дадзеных прадстаўляе творчыя працы, прадстаўленыя да ўдзелу ў абласным конкурсе “На лепшую самаробную кнігу”, які праходзіў у 2015 і 2017 гг.
Заснавальнікамі конкурсу з’яўляюцца галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама і дзяржаўная ўстанова культуры “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага”.
Лепшая самаробная кніга-2017
У 2017 годзе конкурс быў прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.
Актыўны ўдзел у ім прымалі супрацоўнікі публічных бібліятэк вобласці і ўстаноў адукацыі, навучэнцы агульнаадукацыйных школ. Было пададзена 100 работ па трох намінацыях, у т.л. 34 – падрыхтаваны дзецьмі.
Намінацыя “На лепшае мастацкае афармленне твора (ці яго ўрыўка) Ф.Скарыны” была прадстаўлена 36 творчымі працамі, з іх 14 аформлены дзецьмі.
У намінацыі “На лепшае мастацкае афармленне твора (ці яго ўрыўка) пра жыццё і дзейнасць Ф.Скарыны” – 41 работа, з іх 12 – дзіцячыя.
На намінацыю “На лепшае мастацкае афармленне твораў (ці яго ўрыўка) беларускіх асветнікаў і мысліцеляў” было пададзена 14 творчых прац, з іх 2 зроблена дзецьмі.
Усе працы – гэта самаробныя рукапісныя кнігі. На іх старонках размешчаны ілюстрацыі, малюнкі, адпаведныя абранаму зместу. Кожная самаробная кніга стылізавана і вытрамана, дэталі прадуманы да дробязей, стылістычна правільна зроблены і аформлены з густам, выкананы з прымяненнем розных матэрыялаў і тэхнікі.
Лепшая самаробная кніга-2015
Першы абласны конкурс “На лепшую самаробную кнігу” быў прымеркаваны да рэспубліканскага свята Дня беларускага пісьментсва-2015 у г. Шчучыне.
Да ўдзелу ў конкурсе было пададзена 56 творчых работ, аўтарамі 7-мі з іх з’яўляліся дзеці.
У намінацыі “На лепшае мастацкае афармленне ўласнага твора” было прадстаўлена 22 работы. У намінацыі “На лепшае мастацкае афармленне твора (ці яго ўрыўка) беларускага аўтара” заяўлена 31 самаробная кніга. У намінацыі “На лепшае мастацкае афармленне твора (ці яго ўрыўка) з калекцыі рэдкіх выданняў” – 3 творчыя працы.
Было вызаначана 9 пераможцаў. Акрамя гэтага, журы прыняло рашэнне ўстанавіць спецыяльную грашовую прэмію творчаму калектыву з г.Астраўца (кіраўнік Ачарэтава Н.У.) за высокае мастацкае афармленне самаробнай кнігі “Астравеччыны маладая рунь”.