ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ КОМПЛЕКС РАДЗІВІЛАЎ в. Жырмуны, Воранаўскі раён
Палацава-паркавы комплекс Радзівілаў — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVIII ст.
У пачатку XVIII ст. Радзівілы вырашылі зрабіць вёску Жырмуны (Воранаўскі раён) адной са сваіх рэзідэнцый. І першае, што яны пабудавалі – трыўмфальную арку. Радзівілаўская арка была вельмі прыгожай, у яе быў і другі паверх, але ў савецкія часы яго разабралі і побач паставілі воданапорную вежу.
З двух бакоў ад аркі Радзівілы пабудавалі флігелі ў стылі класіцызму – левы і правы. Тут жыла прыслуга, спыняліся госці. Ва флігелях размяшчаліся кухні, пякарні, бібліятэка, аранжарэя, капліца і іншае. Тут жа да будаўніцтва палаца жылі і самі Радзівілы.
Паўночны флігель унутры ўладкаваны быў вельмі сціпла. Паўднёвы флігель, наадварот, уражваў багаццем інтэр’еру, асабліва вылучаліся пакоі і зала верхняга паверху: мноства ляпных упрыгожванняў, мармуровых камінаў у класічным стылі і драўляных упрыгожванняў. Дэкарацыі пакрывалі не толькі сцены, карнізы і столі, але таксама глыбокія аконныя нішы. Паміж вокнамі размяшчаліся вялікія люстэркі ў багатых рамах. Іх вянчалі медальёны з алегарычнымі матывамі. Плоскасці сцен, свабодныя ад мастацкай лепкі, былі задрапіраваны шаўковымі тканінамі. Ад правага флігеля да нашых дзён практычна нічога не засталося, а вось левы захаваўся трохі лепш.
Таксама былі пабудаваны гаспадарчыя пабудовы, пасаджаны вялікі і прыгожы парк. Будаўніцтва самога палаца з-за смерці князя ў 1787 годзе не было распачата. У гады Першай сусветнай войны маёнтак быў разрабаваны, пейзажны парк здзічэў.
Апошнія ўладальнікі жырмунскага палаца выехалі адсюль праз тую самую трыўмфальную арку ў 1939 годзе, а іх прыслуга заставалася тут жыць і пасля. Ва флігелях жылі і пасля вайны, тут размяшчалася школа.
Сёння Раздівілаўскі комплекс — паўразбураны. Работы па аднаўленні ці кансервацыі не вядуцца.