НАВАГРУДСКАЯ РАТУША г. Навагрудак

У 1511 годзе Навагрудак атрымаў Магдэбургскае права – статус вольнага горада з самакіраваннем. Абавязковым атрыбутам такіх гарадоў была ратуша, дзе размяшчаліся органы самакіравання.

Навагрудская ратуша пабудавана ў 1664 годзе, зведала перабудову ў сярэдзіне ХVIIІ стагоддзя і набыла яркія рысы барока. На працягу ХVIIІ – ХІХ стагоддзяў ратуша з’яўлялася сiмвалам самакiравання горада і гарадской вольнасці.

Будынак ратушы быў двухпавярховым, П-падобным у плане, без асаблівых дэкаратыўных элементаў на фасадзе. У ХVIIІ стагоддзі ратуша не мела гадзіннікавай вежы і, наогул, гадзінніка. Пасля пажару Навагрудка 1751 года пачалася рэканструкцыя будынка. Менавіта тады да ратушы была прыбудавана гадзіннікавая двух’ярусная вежа, якая завяршалася фігурным купалам.

Падрабязны план ратушы быў створаны каморнікам Пухлоўскім у 1818 годзе, дзе ўжо яна набывае рысы класіцызму: рустоўка на вуглах будынка і на гранях вежы 1-га паверха, нішы на 2-м паверсе. Да гэтага часу Магдэбургскае права было скасавана. У гэтым будынку на першым паверсе знаходзіліся каравульныя памяшканні і шынок, на другім – суд і архіў. У глыбіні двара размяшчаліся склады. У такім выглядзе будынак ратушы праіснаваў да пажару 1862 года, пасля якога ўжо не аднаўляўся.

У 1823 годзе былі праведзены значныя работы па чарговым рамонце будынка. Для ўмацавання сцен былі зроблены жалезныя анкеры. У 1824 годзе над будынкам ратушы падняўся святы Міхаіл – “патрон горада з даўніх часоў, які ў выглядзе флюгера паказваў кірунак ветра”, што было зроблена па жаданні ўсіх жыхароў Навагрудка.

Далейшы лёс ратушы па дакументах не праглядаецца, але можна адзначыць, што на плане горада Навагрудка 1872 года, які захоўваецца ў ваенна-гістарычным архіве ў Маскве, ратушы ўжо няма.

Ратуша была знішчана пажарам 1862 года і больш не аднаўлялася.

Пісьменнік і краязнаўца Э. Хлапіцкі наведаў Навагрудак і пакінуў яго апісанне. Сярод каменных пабудоў плошчы асабліва выдзяліў паўразбураны будынак ратушы. Яе руіны захоўваліся яшчэ доўга, і толькі ў 1900 г., магчыма, быў пабудаваны новы будынак, які вядомы нам па фотадакументах і рукапісах сведак пачатку ХХ ст. як гарадскі магістрат (верагодна, былі выкарыстаны фундамент і часткі муру ратушы).

У часы Вялікай Айчыннай вайны будынак магістрата быў разбураны і больш не аднаўляўся.