МЯЧЭЦЬ г.Слонім
Мусульманскую прысутнасць у Слоніме некаторыя даследчыкі звязвалі з паселішчам татарскіх палонных з-пад Клецка (1506 год), аднак у XVI стагоддзі і без таго было дастаткова перасяленняў мусульман на тэрыторыю Беларусі. У XVI стагоддзі татары ўжо жылі ў вёсках Раготная, Лядзінкі і Боркі непадалёк ад Слоніма. Таму, у першай палове XVII стагоддзя яны з’явіліся і ў самім горадзе Слоніме.
У 1644 годзе слонімскі стараста Казімір Леў Сапега, маршалак надворны, выдаў прывілей для слонімскіх рамесных цэхаў, прапісаўшы, каб да іх належалі і татары.
Як мяркуецца, татары сяліліся на вуліцы Гарбарской, паколькі займаліся гарбарным рамяством. У 1717 годзе ўжо згадваецца і свая вуліца Татарская. Аднак мячэці ў Слоніме доўгі час не было, яе пабудавалі толькі ў 1804 годзе.
Паводле рапарту выконваючага абавязкі маршалка шляхты Слонімскага павета Бажымоўскага, татары Слоніма ў 1832 годзе займаліся апрацоўкай зямлі, рыбалоўствам, возніцтвам, вырошчвалі і прадавалі агародніну. Хтосьці меў уласную зямлю, хтосьці браў надзелы ў арэнду. У павеце ў гэты час пражывала 157 татараў, з іх 138 займаліся сельскай гаспадаркай, 19 – рамяством, дзве сям’і атрымалі права на расійскае дваранства.
Мячэць у горадзе Слоніме пабудавана ў 1804 годзе з адным мінарэтам і купалам. 25 мая 1881 года згарэла, а праз год была адбудаваная з дрэва, на ахвяраваннні Францыска Пуслоўскага з Альбярціна.