ЛІДСКІ ЗАМАК (замак Гедыміна) г.Ліда
Лідскі замак адзіны на тэрыторыі Беларусі дзеючы замак-кастэль. Узведзены ў 1323 годзе на зліцці рэк Лідзеі і Каменкі Вялікім князем Літоўскім Гедымінам.
За сем няпоўных стагоддзяў Лідскі замак адыграў значную ролю ў гісторыі: 1387 год – польскі кароль і Вялікі князь Літоўскі Ягайла прымаў у замку прысягу ад свайго брата Скіргайлы, полацкага князя; 1422 год – тут адзначаўся шлюб караля Ягайлы з 17-гадовай Сафіяй Гальшанскай; 1506 год – у сценах замка прычасціўся і падпісаў завяшчанне смяротна хворы кароль польскі і Вялікі князь Літоўскі Аляксандр Ягелончык.
У XIV ст. сцены Лідскага замка не раз вытрымлівалі націск крыжакоў. Неаднаразова быў ён і абаронены ад нападкаў: 1394 год – ад атрадаў англійскіх і французскіх рыцараў, 1406 год – ад атрадаў смаленскага князя Юрыя Святаслававіча, 1433 год – ад войска князя Свідрыгайлы, 1506 год – ад загонаў крымскіх татар. Улетку 1659 года замак штурмам захапіла рускае войска ваяводы Івана Хаванскага.
У часы праўлення караля Рэчы Пспалітай Яна Казіміра Ліда атрымала магдэбурскае права. Замак з’яўляўся дзяржаўнай маёмасцю і ахоўваўся мясцовай шляхтай. Тут знаходзіліся склады зброі, гарнізон.
Моцны ўдар замку нанеслі шведы, якія ў пачатку XVIII ст. узарвалі абедзве вежы, і ўмацаванне страціла сваё стратэгічнае значэнне. Сцены яго паступова пачалі разбурацца. Аднак ва ўцалелых памяшканнях захоўваліся гарадскія акты і праходзілі суды. Амаль канчаткова замак разбурыўся летам 1794 года: у яго руінах вялі бой з царскімі войскамі паўстанцы Тадэвуша Касцюшкі.
22 студзеня 1940 года Лідскі замак атрымаў статус помніка архітэктуры, неаднаразова перажываў розныя этапы рэстаўрацыі і кансервацыі.
У сучасным Лідскім замку адбываюцца гістарычныя прадстаўленні і рыцарскія турніры.