КРЭЎСКІ ЗАМАК в.Крэва, Смаргонскі раён
Крэўскі замак – замак-кастэль у в.Крэва (Смаргонскі раён) з каменя і чырвонай цэглы, першы цалкам мураваны замак у Вялікім княстве Літоўскім. Пабудаваны ў XIV стагоддзі каля сутокаў рэк Крэўлянка і Шляхцянка.
Замак меў форму няправільнага чатырохвугольніка, абнесенага каменнымі сценамі. Сцены да ўзроўню 3 м выбудаваныя з каменя, вышэй – з цэглы. Замак па кутах меў 2 вежы, на замкавым двары размяшчалася кузня, жылыя пабудовы, мелася сажалка.
Адна з самых страшных і крывавых легенд Крэўскага замка – гэта легенда пра дзяўчыну, якую можна сустрэць ноччу ля сцен замка, калі яна выгульвае свайго сабаку. Два князя палюбілі адну дзяўчыну. Адзін з іх ад рэўнасці забіў другога, аднак дзяўчына адмовіла яму ва ўзаемнасці. Тады раз’юшаны князь загадаў умураваць яе ў сцяну. А паколькі яна амаль ніколі не раставалася са сваім сабакам, няшчасную жывёлу чакала тая ж доля.
Крэўскі замак быў сведкам і месцам многіх гістарычных падзей. Ужо ў хуткім часе пасля пабудовы ён быў абстраляны каменнымі ядрамі (іх знайшлі падчас раскопак у заходняй сцяны), была спалена баявая галерэя.
У 1385 годзе, у замку былі выпрацаваны ўмовы Крэўскай уніі – аб’яднання ВКЛ і Польшчы пад уладай вялікага князя Ягайлы.
У 1503-1506 гадах замак неаднаразова асаджалі і значна пашкодзілі перакопскія татары. У 1519 годзе Крэва захапілі маскоўскія ваяводы. Паступова замак губляў абарончае значэнне.
Яшчэ ў XVIII стагоддзі Крэўскі замак быў у добрым стане. Пазней пачалося яго разбурэнне, якое завяршыла Першая сусветная вайна. Падчас вайны праз Крэва праходзіла лінія фронту. Замак апынуўся на тэрыторыі, захопленай немцамі, тут былі пабудаваны сховішчы і назіральныя пункты.
Пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Крэўскі замак апынуўся ў складзе маладой польскай дзяржавы. Польскія ўлады правялі ў 1929 году кансервацыю рэшткаў Княжацкай вежы.
У 2005 годзе быў створаны мясцовы дабрачынны фонд “Крэўскі замак”, галоўнай мэтай якога з’яўляецца садзейнічанне захаванню Крэўскага замка.
Да нашых дзён захаваліся толькі замкавыя руіны.
У 2018 годзе пачаліся працы па аднаўленні і кансервацыі замка.