КАФЕДРАЛЬНЫ КАСЦЁЛ г.Гродна
Кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя — каталіцкі, кафедральны сабор Гродзенскай дыяцэзіі, помнік архітэктуры і дэкаратыўна-манументальнага мастацтва барока і ракако.
Першапачаткова касцёл быў элементам вялікага комплекса збудаванняў, які ўключаў езуіцкі кляштар, калегіум, бібліятэку, друкарню, аптэку, жылыя карпусы, гаспадарчыя пабудовы.
Будаўніцтва сучаснага храма пачалося ў 1678 годзе. Першае набажэнства ў касцёле адбылося ў 1700 годзе. У 1702 годзе збудаваны купалы на вежах, атынкаваны сцены ўнутры касцёла, пастаўлены лаўкі.
6 снежня 1705 года хелмінскі епіскап Тэадор Патоцкі асвяціў касцёл у гонар Францыска Ксаверыя, паплечніка заснавальніка ордэна езуітаў Ігнація Лаёлы, дзе прысутнічалі Пётр І і Аўгуст ІІ. У 1725 годзе на вежу-званіцу касцёла ўладкаваны маятнікавы гадзіннік — адзін са старажытнейшых вежавых гадзіннікаў у Еўропе.
Размешчаны ў гістарычным цэнтры горада, будынак Кафедральнага касцёла святога Францыска Ксаверыя з’яўляецца адным з сімвалаў Гродна. Касцёл уяўляе сабой трохнефавую купальную базіліку з трансептам, вышыня – 58,6 м. Па баках паўкруглай апсіды далучаны капліцы святога Міхаіла і Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай).
Галоўны фасад касцёла аздабляюць падвойныя пілястры карынфскага ордэра, скульптурныя выявы апосталаў Пятра і Паўла, Францыска Ксаверыя, балкон і каваныя дзверы. Да ўваходнага партала вядзе двухмаршавая лесвіца, на парапеце – скульптура Хрыста, які нясе крыж. Завяршаюць фасад дзве вытанчаныя вежы, увенчаныя ажурнымі крыжамі і выявамі анёлаў.
Высокамастацкі ансамбль інтэр’ера фарміруюць 13 алтароў (12 драўляных, 1 стукавы), 2 чыгунныя жырандолі (ліццё XVIII ст.), 4 драўляныя спавядальні, упрыгожаныя інтарсіяй, разьбой па дрэве і скульптурай, амбон, помнік А. Тызенгаўзу, драўляная лава XVII ст., арган, куплены ў Крулеўцы ў 1744 г.
Дамінантай дэкаратыўна-мастацкага ансамбля інтэр’ера з’яўляецца галоўны алтар вышынёй 21 м.
Цэнтральны неф, трансепт, сцены арганнага хору і прэсбітэрыума касцёла аздабляе фрэскавы роспіс — 14 сюжэтных кампазіцый з жыцця святога Францыска Ксаверыя.
15 снежня 1990 года Папа Рымскі Ян Павел II надаў касцёлу тытул базілікі меншай, а 13 красавіка 1991 года, калі была створана Гродзенская дыяцэзія, ён стаў кафедральным.