КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОІЦЫ (г.п. Зэльва)
Адной з асноўных славутасцяў г.п.Зэльва з’яўляецца касцёл Найсвяцейшай Троіцы – велічнае збудаванне з цэглы неагатычнага стылю. Пабудаваны ён быў у 1908-1913 гг. паводле праекта архітэктара І.П.Дзяконскага на месцы ранейшага драўлянага храма. Асвечаны пад тытулам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У гады Другой сусветнай вайны храм сталі зваць касцёлам Святой Троіцы. Гэтая назва і замацавалася за парафіяй.
Касцёл мае вельмі цікавы і запамінальны знешні выгляд. Гэтаму спрыяюць такія архітэктурныя асаблівасці як высокі, увагнуты ўнутр вальмавы дах, а таксама дзве масіўныя, двух’ярусныя, васьмігранная вежы з канічнымі шпілямі. Дэкор стрыманы і строгі, што набліжае яго да сярэднявечных прататыпаў. Уваходная частка прадстаўлена галерэяй з арак. Такі кампазіцыйны прыём з’яўляецца арыгінальным і не сустракаецца больш ні ў адным з храмаў Беларусі таго часу.
Касцёл Найсвяцейшай Троіцы велічна ўзвышаецца над малапавярховай прыватнай забудовай, з якой ён суседнічае і з’яўляецца архітэктурным дамінантам навакольнай мясцовасці.
У 1950-х гэты помнік архітэктуры прыстасавалі пад краму, а праз 10 гадоў перадалі мясцоваму калгасу пад збожжасховішча.
Каталіцкім вернікам храм вярнулі ў 1989 годзе. З інтэр’ерных упрыгожванняў захаваліся толькі распяцце і фігура Лурдскай Божай Маці, што было ўспрынята як цуд.
З 1991 года ў ім адпраўлялі імшы святары місіянерскага Ордэна Кларэцінаў, вядомыя сваёй асветніцкай дзейнасцю.
Пазней касцёл Найсвяцейшай Троіцы быў выдатна адноўлены і адрэстаўраваны: устаноўлены маляўнічыя вітражы з фігурамі святых.
А вось электронны арган у касцёле адразу не прыжыўся: выйшаў з ладу пасля ўдару маланкі. Пасля гэтага на касцёльным шпілі паставілі громаадвод і набылі новы арган.
На сённяшні дзень храм знаходзіцца ў выдатным стане, з’яўляецца цікавай славутасцю Беларусі.
У 2009 годзе касцёл Найсвяцейшай Троіцы ўнесены ў Спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.