ДРАМАТЫЧНЫ ТЭАТР г. Слонім

Першыя звесткі пра тэатральнае жыццё ў Слоніме адносяцца да XVIII стагоддзя, калі існаваў Слонімскі школьны тэатр пры езуіцкім калегіуме.

Вялікая тэатральная трупа гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага ў Слоніме была заснавана каля 1771 года, а спыніла сваю дзейнасць пасля 1791 года.

Паміж 1777-1780 гадамі ў Слоніме быў пабудаваны “Дом оперы” (архітэктар Іначэнца Мараіна), які меў вялікую сцэну, прыстасаваную для паказаў любых барочных спектакляў, опер і балетаў, для выхаду вялікай колькасці спевакоў і статыстаў, для тэатральных баталій коннікаў і водных феерый, для складаных перспектыў і дэкарацый, розных сцэнічных эфектаў. Дзякуючы дзейнасці Міхаіла Казіміра Агінскага  Слонім у тыя часы называлі “палескімі Афінамі”, куды ў святочныя дні прыязджалі людзі мастацтва.

У 1804 годзе “Дом оперы” разбураны, а на яго месцы ў 1900 годзе пабудаваны Народны дом з цэглы. 9 снежня 1918 года тут адбыўся першы з’езд саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў Слонімскага павета.

У 1920-1939 гады, калі на тэрыторыю Слоніма прыйшлі палякі,  Народны дом свой статус не памяняў. У ім праходзілі розныя мерапрыемствы, сустрэчы, фэсты, канцэрты.  На сцэне выступалі такія вядомыя прафесійныя артысты ў свеце, як рускі спявак Фёдар Шаляпін, вялікі польскі оперны спявак Ян Кепура, польская танцорка, артыстка і харэограф Лода Халама.

Народны дом у 1941-1945 гадах у Слоніме называўся Беларускім Народным домам. Тут актыўна працаваў беларускі драматычны гурток (кіраўнік Чуркін), ладзіліся выставы слонімскіх мастакоў і выставы народнага мастацтва, адбываліся розныя канцэрты, літаратурныя вечары і сустрэчы. Тут было створана Беларускае Культурнае Згуртаванне Слоніма.

Пасля вайны Беларускі Народны дом стаў называцца раённым Домам культуры, на сцэне якога выступалі вядомыя артысты Савецкага Саюза. У 1948 годзе тут пачаў працаваць новы драмгурток, які пазней стаў народным.

З 1990 года народны тэатр пад кіраўніцтвам Мікалая Варвашэвіча стаў Слонімскім беларускім драматычным тэатрам.

Пасля капітальнай рэканструкцыі, выкарыстоўваючы гістарычныя фотаздымкі Народнага дома, 29 сакавіка 2014 года ў адноўлены будынак запрасіў сваіх гледачоў Слонімскі драматычны тэатр.