АЎТЭНТЫЧНАЯ ДРАЎЛЯНАЯ СЯЛЯНСКАЯ ХАТКА ХІХ СТ. в. Гудзевічы, Мастоўскі раён
У 1980 годзе старажытная сялянская хата, у якой размясціўся этнаграфічны аддзел УК “Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей” была перавезена з вёскі Семярэнкі Мастоўскага раёна. Перавозячы яе на музейную тэрыторыю, майстры захавалі ўсе дэталі і адметнасці пабудовы.
Музей прыняў першых наведвальнікаў у 1981 годзе.
Тут можна на нейкі час апынуцца ў мінулым, пазнаёміцца з інтэр’ерам традыцыйнага беларускага жылля, побытавым начыннем. Кожны экспанат гудзевіцкай беларускай хаткі паказвае, што нашы продкі былі працавітыя, разумныя, сумленныя, добрыя і вельмі гасцінныя.
Сялянская хатка зроблена з абпілаванага дрэва, накрыта саламяным дахам. Хатка невялічкая, гасцінная і ўтульная. Гадоў яна мае ўжо больш за дзве сотні. Так дзяды і прадзеды нашы жылі. Столь яны рабілі невысокую, вокны маленькія, каб цяпло лепей трымалася, а вялікая печ была і крыніцай цяпла, і ежу ў ёй гатавалі.
Зараз каля хаткі арганізавана рэкрэацыйная зона, дзе праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы, прапануюцца анімацыйныя праграмы з народнымі гульнямі, песнямі, танцамі.