Пра бібліятэку

Матэрыялы архіваў сведчаць, што рашэнне аб адкрыцці бібліятэкі было прынята ў верасні 1830 года на нарадзе ў гродзенскага генерал-губернатара Міхаіла Бабяцінскага. У аснову бібліятэкі ляглі дабрачынныя ахвяраванні дваран горада. Першапачаткова бібліятэкай карысталіся ўсяго 40 чытачоў. Рабочыя, сяляне, іншы просты люд не меў магчымасці карыстацца публічнай бібліятэкай.

У 1940 годзе адбылося адкрыццё бібліятэкі для ўсіх слаёў насельніцтва,  кнігі пачалі выдавацца чытачам бясплатна. Кніжны фонд тады складаў 35 тысяч адзінак, якім карысталіся каля 4 тысяч чалавек. Штодзённа бібліятэку наведвала больш за 450 чытачоў!

У гады Вялікай Айчыннай вайны большасць фондаў была вывезена нямецка-фашысцкімі захопнікамі ці знішчана. Праз 10 дзён пасля вызвалення горада ад акупантаў бібліятэка пачала працаваць.

У 1957 годзе бібліятэцы прысвоена імя першага беларускага акадэміка, заснавальніка беларускай філалогіі і мовазнаўства Яўхіма Карскага.

Сёння ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” з’яўляецца вядучым інфармацыйным, адукацыйным і сацыяльна-культурным цэнтрам, лідэрам бібліятэчнай палітыкі ў вобласці.

Універсальны па змесце фонд дакументаў налічвае каля 600 тыс. экз., літаратура прадстаўлена на 70 мовах свету, выдзелены калекцыі: старадаўняй, мастацкай і гістарычнай літаратуры (XVIII-XX стст.); краязнаўчых дакументаў; самаробнай кнігі; грампласцінак, унікальных запісаў музычных твораў і галасоў гістарычных постацяў.

Ствараюцца фактаграфічныя базы дадзеных асабістай генерацыі “Легенды Гродзеншчыны: галерэя знакамітых асоб”, “Гісторыка-культурныя каштоўнасці Прынеманскага краю”, “Аўтограф на памяць” і інш.

Штогод паслугамі бібліятэкі карыстаюцца звыш 25 тыс. чытачоў, сярод іх: навукоўцы, творчая інтэлігенцыя, спецыялісты ўсіх галін народнай гаспадаркі, моладзь і дзеці.

Аўтаматызаваны ўсе бібліятэчныя працэсы: шлях кнігі ад яе апрацоўкі да выдачы чытачу, праводзіцца алічбоўка дакументаў, электронны каталог адлюстроўвае 99% усяго фонду. Для карыстальнікаў бібліятэкі ў аддзелах абслугоўвання прадстаўлены сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, адукацыйныя праграмы.

На базе дзіцячага аддзела створаны першы ў Рэспубліцы Беларусь “Мультыцэнтр “Совушка” – інтэрактыўны цэнтр навукі і тэхналогіі. Цэнтр забяспечаны адукацыйнымі  праграмамі; працуюць лабараторыі: тэхнікі і робататэхнікі, музыкі, мастацтва, навакольнага асяроддзя, крэатыўная лабараторыя LEGO, сенсарны пакой.

У юнацкім аддзеле бібліятэкі створаны мемарыяльны пакой, прысвечаны жыццю і творчасці сусветна вядомай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, які штогод наведвае каля 4,5 тыс. жыхароў і гасцей горада.

Працуе віртуальная чытальная зала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якая забяспечвае чытачам доступ да сусветных інфармацыйных рэсурсаў. Доступ карыстальнікаў да прававой інфармацыі забяспечвае Публічны цэнтр прававой інфармацыі (ПЦПІ), дзе бясплатную юрыдычную дапамогу чытачам аказваюць юрысты і натарыусы.

Бібліятэка актыўна супрацоўнічае з прадпрыемствамі, дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі, творчымі саюзамі, установамі адукацыі і інш.

Супрацоўнікамі бібліятэкі распрацаваны і рэалізуюцца шматлікія творчыя праекты: “Дакрануцца да гісторыі”, “Искусство для искусства”, “Встречи без галстуков”, “Книжный десант”; дабрачынныя праграмы для дзяцей-сірот; акцыі “Чытаем разам” (творы беларускіх аўтараў) і інш.

Штогод праводзіцца звыш 1500 сацыякультурных мерапрыемстваў. Сярод іх:  Гродзенскія чытанні, Фестывалі кніг, літаратурныя вечарыны і прэзентацыі кніг, “Кніжныя пікнікі ў яблыневым садзе”, Дні бібліятэрапіі, Дні сям’і, квэст-гульні і інш.