Пісьменніцкія вандроўкі

Рублеўская, А. А. Пісьменніцкія вандроўкі / Людміла Рублеўская; [прадмова аўтара]. – Мінск : Беларусь, 2025. – 207, [1] с.
Аўтарам кнігі Людмілай Рублеўскай напісана шмат гістарычных раманаў, матэрыял і натхненне для якіх яна знаходзіць у вандроўках па Беларусі разам з сям’ёй. У яе кнігах адкрываюцца таямніцы беларускай гісторыі, прыгажосць і багацце роднай зямлі. Пісьменніцу цікавяць не толькі вядомыя турыстычныя аб’екты, але і тыя мясціны, дзе не пралягаюць традыцыйныя маршруты.
Новая кніга — сапраўдны скарб для аматараў падарожжаў па Беларусі. Яна адкрывае родны край з невядомых і таямнічых бакоў. Разам з аўтарам і яе сямейнай камандай вы адправіцеся не толькі да магутных замкаў і прыгожых палацаў, але і да старых сядзіб і храмаў, ад якіх часам засталіся толькі дзве аб’едзеныя ветрам сцяны, прабярыцеся праз калючае кустоўе да падмуркаў, што калісьці належалі велічным будынкам.
Камяні, мальтыйскі крыж і два скандальныя каханні ў Геранёнах Іўеўскага раёна, прывідны замак і анёльская калона ва ўладаннях Геркулеса ў Жырмунах Воранаўскага раёна, крывавыя сосны і рыцары з драўлянымі мячамі на Лідчыне – пра ўсё гэта распавядае аўтар кнігі.
Выданне можна выкарыстоўваць як даведнік, дзякуючы адзначаным геалакацыям.
Пазнаёміцца з кнігай можна ў аддзеле даведачна-інфармацыйнай і краязнаўчай работы (вул. Карбышава, 17, каб. 107). Тэл.: 71-89-54.