“Масты і берагі” Дзмітрыя Радзівончыка
6 жніўня ў Мастоўскай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча з Дзмітрыем Радзівончыкам, паэтам, літаратуразнаўцам, намеснікам старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, які прэзентаваў свой новы зборнік літаратурнай крытыкі “Масты і берагі”. Кніга выйшла ў выдавецкім доме “Звязда” пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Дзмітрый Мікалаевіч пазнаёміў удзельнікаў мерапрыемства са зместам выдання, расказаў аб тым, што такое сучасная літаратурная крытыка на Беларусі, што сабой уяўляе сучасны літаратурны працэс. Аўтар падзяліўся сваімі разважаннямі і ўражаннямі пра творчасць сучасных пісьменнікаў, паэтаў, дзеячаў культуры і адукацыі, зачытаў вытрымкі і цытаты з іх творчасці, якія ўвайшлі ў кнігу: І. Данік, П. Сямінскага, Б. Ермашкевіча, Т. Сучкову, Г. Скаржынскую-Савіцкую, А. Руцкую, Т. Яцук, Т. Мазур. Адзначыў, што ў назве кнігі “Масты і берагі” ёсць таксама і назва горада Масты, і гэта вельмі сімвалічна. Паэт прапанаваў прысутным дакрануцца да свайго прыватнага жыцця, даведацца пра музычнае захапленне рок-музыкай, паглядзець буктрэйлер на кнігу “Масты і берагі”, прэзентацыю з уласнымі фотаздымкамі аўтара, відэаролік з песняй “Я тебя давно не видел, мама” на словы Дз. Радзівончыка і музыку В. Мяцельскага.
Сустрэча ўключала і паэтычны блок, прымеркаваны да Года беларускай жанчыны. Дзмітрый Радзівончык зачытаў некалькі вершаў, як на беларускай, так і на рускай мовах: “Заўсёды ваш”, “У пошуках малой Радзімы”, “Бываюць мужчыны-мужчыны, бываюць мужчыны-паэты…”, акраверш, прысвечаны Таццяне Яцук і інш.
У мерапрыемстве прыняла ўдзел Юлія Чамярыс, кіраўнік Гродзенскага гарадскога літаратурнага аб’яднання “Надзея”, паэтэса, педагог. Яна расказала пра свой шлях у паэзію, зачытала ўласныя вершы, прапанавала прысутным разгадаць акразагадкі на слова “Масты”.