Праўда жыве ў творах Мележа

У Мастоўскай раённай бібліятэцы для вучняў ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Масты імя Героя Савецкага Саюза В.П. Жукава” быў праведзены літаратурны партрэт “Праўда жыве ў творах Мележа”, прысвечаны 105-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка.

Юнакі і дзяўчаты даведаліся пра цікавыя факты з жыцця і творчай дзейнасці Івана Пятровіча Мележа, пагаварылі пра яго знакавыя творы, успомнілі пра музей, які знаходзіцца на радзіме пісьменніка ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці.

У дадатак да размовы, была аформлена тэматычная кніжная выстава “Волат Палескай зямлі”, якая дазволіла візуальна пазнаёміцца з багатай спадчынай пісьменніка. Школьнікі з цікавасцю паглядзелі відэаролікі з урыўкамі са спектакля “Людзі на балоце”, што дапамагло глыбей адчуць дух твора, а таксама змаглі паслухаць жывы голас класіка беларускай літаратуры ў запісах яго інтэрв’ю. Мерапрыемства суправаджалася яркай электроннай прэзентацыяй “Іван Мележ: вядомы і невядомы”, якая дапоўніла ўражанні і пашырыла веды прысутных. Дзеці па-новаму адкрылі для сябе глыбіню творчасці пісьменніка і пацвердзілі, што праўда, закладзеная ў творах Івана Мележа, сапраўды жыве і працягвае натхняць новыя пакаленні.