Паэтычны пленэр

У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы ў рамках пасяджэння аматарскага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” прайшла прэзентацыя кнігі “Паэтычны пленэр” і адкрылася выстава акварэлі і графікі Алены Мікалаеўны Несцеравай. Гэта другая кніга аўтара, якая, у адрозненні ад першага зборніка, ўяўляе сабой свайго роду дзённік, не групуючы вершы па тэмах, а паказваючы пад кожным дату ў той паслядоўнасці, у якой яны былі напісаныя. Такім чынам, вершы набываюць сваё месца, сваю гісторыю, упісваючыся ў ход часу, спыняючы каштоўныя імгненні.

Мерапрыемства прайшло ва ўтульнай, можна нават сказаць, сямейнай атмасферы. Сярод прысутных былі блізкія сябры Алены Мікалаеўны, якія зачытвалі яе вершы, захапляліся талентам, успаміналі пацешныя гісторыі шматгадовага сяброўства і жадалі шмат чаго добрага.

Падчас прэзентацыі кнігі ўсе прысутныя маглі пазнаёміцца з  мастацкімі працамі Алены Несцеравай. Кніга дапоўненая малюнкамі. Графіка і  акварэль выканана рукамі аўтара, якія чытач убачыць у кнізе. Атрымалася змястоўная, глыбокаяі прыгожая кніга, у якой вершы адчуваюцца вельмі рэалістычна, калі глядзіш на ілюстрацыі.

Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы атрымала ў дар ад аўтара 30 кніг з аўтографам, завяршылася мерапрыемства сумесным фота на памяць.