Памяць праз стагоддзе: у Клюшчанах ушанавалі Казіміра Сваяка

Святая Імша і літаратурная імпрэза, прысвечаная 100-й гадавіне смерці кс. Канстанціна Стаповіча, сабрала ў плябаніі тых, для каго яго духоўны запавет з’яўляецца жыццёвым арыенцірам. Эўхарыстыю ўрачыста цэлебравалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і дэкан Астравецкі Анатоль Захарэўскі.

Адметнай падзеяй стала прыбыццё ў Клюшчаны копіі абраза Маці Божай Міласэрнасці (Вострабрамскай) — менавіта гэты вобраз адыграў важную ролю ў святарскім пакліканні будучага паэта ў яго дзяцінстве. Урачыстасць аб’яднала вернікаў розных пакаленняў і канфесій: тут сабраліся мясцовыя парафіяне, нашчадкі вернікаў, жыхары суседніх вёсак і госці.

Па завяршэнні Імшы нядзельны дзень афарбаваўся ў чыстыя колеры паэзіі: адбылася імпрэза. Шмат добрых і цёплых слоў у гэты дзень было сказана пра Казіміра Сваяка. Гучалі вершы — ад узнёслых медытацый і глыбокіх роздумаў на евангельскія тэмы да народных балад і нават жартаўлівых прыпевак, у якіх прасвечвае жывы народны гумар. Удзельнікі не толькі чыталі запаветныя радкі, але і дзяліліся малавядомымі фактамі з жыцця святара, набліжаючы яго вобраз да сучаснікаў. Аздобіў мерапрыемства сваёй музыкай і спевамі Максім Іўкін, удзельнік гурта “Балцкі субстрат”.