Літаратурны вечар “Мае любімыя вершы”
У рамках праекта “Тэрыторыя цяпла — бібліятэка” ў Радунскай гарпасялковай бібліятэцы адбылася шчырая і натхняльная імпрэза — літаратурны вечар “Мае любімыя вершы”, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. Разам з гасцямі арганізатары прасачылі складаны гістарычны шлях беларускага слова, падкрэслілі яго самабытнасць і непаўторнасць.
У атмасферы творчага яднання гучалі вершы класікаў: Кандрата Крапівы, Максіма Танка, Петруся Броўкі, Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова, Янкі Купалы і Якуба Коласа. Удзельнікі вечарыны не толькі дэкламавалі паэтычныя радкі, але і дзяліліся думкамі пра тое, якой яны бачаць родную мову — мілагучнай, загадкавай і бясконца прыгожай.
Адметнай часткай свята стаў “салодкі інтэрактыў”. Госці частаваліся цукеркамі фабрыкі “Камунарка” з сімвалічнай назвай “Родныя словы”. На кожнай этыкетцы, аздобленай арнаментам, былі надрукаваны цудоўныя беларускія словы: “ветлівасць”, “удзячнасць”, “ціхамірнасць”, “пяшчота”, “натхненне”.
Прысутныя з імпэтам тлумачылі іх значэнне і ўдзельнічалі ў разгадванні загадак-жартаў. Дапаўняла атмасферу тэматычная выстава-заклік “Родная мова — крыніца празрыстая”.