Роднай мовы жывая крыніца
У гэты чацвярговы вечар сцены Астравецкай раённай бібліятэкі напаўняліся не звыклай бібліятэчнай цішынёй, а цяплом гучных галасоў, музыкай і шчырасцю жывога слова. Сюды, як на агеньчык роднага ачага, сабраліся тыя, каму дарагое беларускае мастацкае слова, — родныя, блізкія, вучні, верныя сябры і калегі па пяры.
Гаспадыняй вечара стала таленавітая паэтэса, кампазітар і выканаўца, жанчына з адкрытай душой і пяшчотным голасам — Людміла Іванаўна Кухарэвіч.
Прастора бібліятэкі ў гэты дзень жыла ў рытме радкоў і акордаў. Кожны, хто пераступаў парог, адчуваў, што трапляе ў асаблівы свет, дзе слова гучыць не проста гукам, а сэрцам. І гэта невыпадкова: творчасць Людмілы Іванаўны — гэта люстэрка яе лёсу, яе каранёў і велізарнай любові да той зямлі, дзе яна нарадзілася.
З цёплай усмешкай і лёгкім хваляваннем Людміла Іванаўна падзялілася сакрэтамі стварэння сваіх шчырых і жыццёвых гісторый, сюжэты для якіх яна бярэ з уласнага дзяцінства, жыцця, сям’і. Уся творчасць аўтаркі паказвае адносіны да роднага краю, яго гісторыі. Пісьменніца па-сапраўднаму ўлюблёная ў родную мову і гісторыю беларускага краю, таму яе творы напісаныя па-беларуску і прысвечаныя сваёй малой Радзіме.
Душэўна і ўрачыста прагучалі віншаванні. Першае слова — дырэктару бібліятэкі, якая адзначыла вялікі ўклад Людмілы Іванаўны ў культурнае жыццё раёна. А далей эстафету падхапілі блізкія сябры і калегі. Кожны з іх знайшоў цёплыя словы: хтосьці гаварыў пра лёгкасць яе радкоў, хтосьці — пра жыццёвую мудрасць, а хтосьці проста дзякаваў за тое, што яе песні дапамагаюць жыць. У паветры луналі пажаданні моцнага здароўя, новых творчых адкрыццяў і нястомнай працы.
Прыгожымі спевамі аздобілі мерапрыемства ўдзельнікі калектываў ТЦСОН. Прагучалі ў аўтарскім выкананні вершы і песні гасцей мерапрыемства.