Ліпскі, У. С. Цімох Вохвох : аповесць-казка пра хлопчыка, ад якога аднойчы ўцёк мабільнік

Ліпскі, У. С. Цімох Вохвох : аповесць-казка пра хлопчыка, ад якога аднойчы ўцёк мабільнік / Уладзімір Ліпскі. – Мінск : Народная асвета, 2022. – 35 с. – (Казкі для вундэркіндаў).

Жыў-быў хлопчык Цімох. Аднойчы здарылася з ім непрыемная гісторыя: знік яго мабільны тэлефон. Шукалі мабільнік усёй сям’ёй, аднак ніхто не змог дапамагчы Цімоху.

Якраз наступілі школьныя канікулы, і паехаў Цімох у вёску да бабулі Аршулі.

Тут у хлопчыка пачынаецца новае жыццё – жыццё без электроннай прылады.

У першы дзень Цімох знаёміцца з бабулінай гаспадаркай: курачкамі, каровай і яе цяляткам, свінкамі, сабакай Шарыкам. Тым жа днём бабуля вядзе ўнука ў лес і на балота – ва ўладанні Лесуна і Балотніка.

Шмат неверагодных падзей здараецца з Цімохам у вёсцы. Сам гаспадар палёў і лугоў Палявік дапамагае яму спазнаць царства прыроды. А на рэчцы хлопчык знаёміцца з вадзяным гаспадаром Бабром.

Бабуля Аршуля паказвае унуку “мех дзівосаў” –  цацкі, якімі бавіўся яшчэ яго тата: войска алавяных салдацікаў, цягнік з незвычайнымі пасажырамі, конікі, танк… І здараецца сапраўдны цуд: перад Цімохам яны ажываюць! Цэлы дзень гуляе з дзівоснымі цацкамі Цімох, і ніколечкі не сумуе па сваім мабільніку.

Дамавік, які жыве ў бабулінай хаце, уначы прыходзіць да хлопчыка, размаўляе з ім. Менавіта ён дае Цімоху слушную параду: “Думаць сваімі мазгамі – карысны занятак. Можа, самы галоўны!”

У вёсцы Цімох знаёміцца і пачынае сябраваць з суседскай дзяўчынкай Анюткай. Анютка – цікаўная, вясёлая, дзелавітая і добрая дзяўчынка, вучыць Цімоха розным гульням і забавам.

Урэшце  тэлефон вяртаецца да Цімоха. Але хлопчык ужо разумее: і без мабільнага сябрука можна жыць цікава і весела.

“Цімох Вохвох” –  займальная аповесць-казка вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага, адрасуецца дзецям малодшага школьнага ўзросту.

Каб пазнаёміцца з гэтай цікавай, маляўнічай кніжкай, запрашаем юных чытачоў наведаць дзіцячы філіял бібліятэкі па адрасе: вул. Савецкая, 25.