Лойка ў сэрцы Слоніма
1 мая споўнілася б 95 гадоў з дня нараджэння паэта, пісьменніка, крытыка, дацэнта, доктара філалагічных навук, прафесара, загадчыка кафедры БДУ, члена-карэспандэнта Акадэміі навук Беларусі, дэкана філалагічнага факультэта Алега Антонавіча Лойкі.
З нагоды юбілею ў Слонімскай раённай бібліятэцы прайшла літаратурная гасцёўня “Лойка ў сэрцы Слоніма”. Бібліятэкар прадставіла прэзентацыю “…І сэрцам палюбіў я гэты кут – цябе, мой старадаўні, родны Слонім …” пра жыццёвы і творчы шлях Алега Антонавіча.
Ганаровыя госці, сярод якіх пляменніца Вольга Клімовіч, паэтка Ірына Войтка і сяброўка літаратара Ірына Радзецкая, падзяліліся цёплымі ўспамінамі. Ірына Радзецкая перадала ў музейны пакой паэта каштоўныя артэфакты: школьнае пасведчанне і сямейныя фотаздымкі. Вершы Алега Лойкі пра родны край прагучалі ў выкананні вучаніц СШ №2. Завяршылася сустрэча экскурсіяй па музейнай экспазіцыі, прысвечанай памяці таленавітага слонімца.
Алег Антонавіч Лойка пакінуў пасля сябе вялікую творчую і навуковую спадчыну, а таксама добрыя ўспаміны тых, хто вучыўся, працаваў і жыў побач з ім. Мы заўжды будзем помніць яго.