Коласаўскія чытанні – 2025

Зямля Беларусі ўзрасціла выдатнага класіка сусветнай і беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі – Якуба Коласа. 3 лістапада нарадзіўся Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Сваім унікальным, блізкім да сэрца кожнага беларуса талентам, паэт раскрыў бязмежныя магчымасці роднай мовы.

У гасцёўні Слонімскай раённай бібліятэкі імя Я. Коласа прайшлі «Коласаўскія чытанні – 2025».

Пачалося мерапрыемства з чароўнай мелодыі «Мой родны кут» у выкананні юнага талента з Сянькоўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў.

Урыўкі з паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка» прадэманстравалі вучаніцы 9 «А» класа ДУА «Сярэдняя школа №8 г. Слоніма».

Васіліна Валер’еўна Міцкевіч – праўнучка Якуба Коласа, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і кандыдат сацыялагічных навук, прадставіла  прэзентацыю «Паэма Якуба Коласа «Сымон-музыка»: гісторыя кніжных выданняў».

Сваімі пачуццямі і разважаннямі падзяліліся беларуская паэтэса Iрына Антонаўна Войтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік Слонімскага літаратурнага аб’яднання імя Анатоля Іверса; і Галіна Міхайлаўна Барысік, прадстаўніца клуба ветэранаў педагагічнай працы «Вдохновение». А пяшчотная песня ў выкананні Надзеі Пятроўны Салейка напоўніла залу меладычным цяплом.

Напрыканцы сустрэчы вядучая прапанавала ўсім жадаючым наведаць музей беларускай кнігі Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа.