Казачны горад

Шчарбакова, А. Я. Казачны горад : [для сярэдняга школьнага ўзросту] / Алена Шчарбакова . – Мн.: Звязда, 2022. – 40 с.

Гэта незвычайная гісторыя здарылася менавіта тады, калі Кастусь і Васілёк пасварыліся першы раз за пяць гадоў сяброўства. Пасварыліся праз Веранічку – дзяўчынку-прыгажуню з суседняга класа, якая падабаецца Васільку.

Горыч, абраза, злосць перапаўнялі сяброў. А вось Веранічку распіраў гонар: Кастусь і Васілёк не толькі пасварыліся, але нават пабіліся праз яе. Гэта значыць, што яна – прыгожая ды ладная дзяўчынка.

Нечакана Кастусь, Васілёк і Веранічка трапляюць у Казачны горад і бачаць, што за імі крочаць незвычайныя асобы: маленькая, памерам з далонь, дзяўчынка Абразка, непрывабная бабуля Злосць і барадаты дзядзька Гонар. Абразка паведамляе дзецям, што яны назаўсёды застануцца ў Казачным горадзе і больш ніколі не ўбачаць сваіх бацькоў.

Увечары дзецям пашанцавала пазнаёміцца з Дабрынёй – гаспадыняй утульнага павільёна. Яна нагадавала дзяцей і запрасіла застацца на начны адпачынак.

А ўначы Кастусю прысніўся сівы дзядуля з доўгай барадой – Галоўны Чараўнік Казачнага горада. Ад яго хлопчык даведаўся, што для таго, каб трапіць дадому, кожны з дзяцей павінен паспяхова прайсці сваё выпрабаванне, перамагчы сваю эмоцыю. Але ва ўсіх нягодах дзеці павінны дапамагаць адно аднаму – вярнуцца дадому атрымаецца толькі разам.

Шмат перашкод давялося пераадолець Кастусю, Веранічцы і Васільку! Паспяхова прайсці ўсе выпрабаванні ім дапамагла карта Казачнага горада ад Галоўнага Чараўніка і чароўныя падарункі цётухны Дабрыні.

Гэта гісторыя будзе цікавай дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.

Пазнаёміцца з кнігай “Казачны горад” можна ў дзіцячым філіяле па адрасе: вул. Савецкая, 25.