Зюзiны казкi
Лiтаратурна-гульнёвую гадзiну “Зюзiны казкi” правялі для малодшых класаў у філіяле “Альхоўская сельская бібліятэка”.
“Зюзiны казкi” – невыпадковая назва, бо Зюзя ў беларускай міфалогіі – гэта ўвасабленне зімы, марозу і снегу, добры, але строгі дух. Бібліятэкар пазнаёміла з багатай міфалагічнай спадчынай Беларусі, распавёўшы пра даўніх багоў, духаў лясоў (лесуны), вады (вадзянікі, русалкі), дома (дамавікі), а таксама пра звычаі і абрады, звязаныя з імі. Дзеці даведаліся, як гэтыя міфалагічныя персанажы і матывы адлюстроўваюцца ў народных казках, легендах і творах сучасных беларускіх пісьменнікаў, што дапамагло лепш зразумець гісторыю і культуру свайго краю.
Асабліва жыва і весела прайшла практычная частка мерапрыемства. Дзеці прынялі ўдзел у інтэрактыўных гульнях і віктарынах. Школьнікі не толькі паглыбілі свае веды аб беларускай міфалогіі, але і атрымалі шмат пазітыўных эмоцый, развілі фантазію і творчае мысленне.
Мерапрыемства спрыяла фарміраванню ў дзяцей павагі да нацыянальных традыцый і цікавасці да чытання.