Да роднай мовы — праз традыцыі

Што елі нашы продкі? З якімі абрадамі было звязана іх прыгатаванне? Як называліся стравы, якія сёння здаюцца экзатычнымі? Як трэба паводзіць сябе за сталом? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні атрымалі ўдзельнікі гульні-віктарыны “Беларускія прысмакі”, яка адбылася ў рамках праекта “Да роднай мовы крок зрабі” ў філіяле “Міхалішкаўская сельская бібліятэка”.

Прысутныя з задавальненнем прынялі ўдзел у гульнях і віктарынах, паглядзелі фрагменты відэафільма “Смак беларускай гісторыі”. Мерапрыемства выхавала ў іх павагу і любоў да традыцый і звычаяў нашых продкаў. Дзеці не толькі папоўнілі свой слоўнікавы запас беларускімі назвамі страў, але і зразумелі, наколькі багатая наша спадчына.

Фінальным акордам стала дэгустацыя ўсіх страў, якія былі прыгатаваны да мерапрыемства. Варта адзначыць, што нічога не засталося на талерках — усё было з’едзена з вялікім апетытам!