Гадзіна беларусазнаўства “Адчыніся, скарбонка часу”
Святам душы стала для гасцей гадзіна беларусазнаўства “Адчыніся, скарбонка часу”, арганізаваная ў рамках праекта “Кожная пятніца – роднае, сваё!”.
Бібліятэкар філіяла “Інтэграваная бібліятэка аг. Бердаўка” пазнаёміла прысутных з традыцыямі і побытам беларускага народа, выкарыстоўваючы багаты вусна-паэтычны матэрыял. Яна таксама прадэманстравала, як ткалі нашы бабулі.
Дзеці з вялікай цікавасцю адгадвалі загадкі пра музычныя інструменты, суправаджаючы кожны правільны адказ гучаннем адпаведнага інструмента: баяна, гармонікі, дуды. Пасля гэтага ўсе разам пагулялі ў беларускую народную гульню “сляпы музыка”.
Хлопцы і дзяўчаты мелі магчымасць паспаборнічаць у вымаўленні беларускіх скорагаворак.
На сустрэчу была запрошана настаўніца беларускай мовы і літаратуры Альшэўская Галіна Антонаўна. Яна распавяла цікавыя беларускія казкі, прымаўкі, прыказкі і пацешкі. Дзеці, у сваю чаргу, тлумачылі прапанаваныя прыказкі і прымаўкі, а таксама прыгадвалі лічылкі, гульні і прыпеўкі.
У завяршэнне мерапрыемства дзеці з задавальненнем разглядалі альбомы “Нашы краявіды”, “Беларускае народнае адзенне”, энцыклапедыю “Лён” і іншыя выданні.