Віртуальнае знаёмства “Ёсць па суседству бібліятэка”

Бібліятэкар філіяла “Гудагайская сельская бібліятэка-клуб” завітала ў госці да першакласнікаў, каб здзейсніць з імі першае захапляльнае падарожжа ў чароўны свет кніг. Сустрэча пад назвай “Ёсць па суседству бібліятэка” прайшла ў фармаце займальнай віртуальнай экскурсіі.

Падчас інтэрактыўнай гутаркі дзеці даведаліся, што ж такое бібліятэка, колькі разнастайных кніг і часопісаў там “жыве” і як яны размяшчаюцца на паліцах. Асаблівую ўвагу бібліятэкар звярнула на правілы карыстання кнігай. Першакласнікі з цікавасцю абмеркавалі “залатыя правілы” чытача: даведаліся, чаму нельга маляваць на старонках, чаго кніга больш за ўсё баіцца (вільгаці, брудных рук, нялітасцівага абыходжання) і ад чаго яна радуецца (прыгожым закладкам і акуратным чытачам).

Каб праверыць кемлівасць і веды маленькіх слухачоў, для іх была падрыхтавана вясёлая казачная віктарына. Хлопчыкі і дзяўчынкі наперабой адгадвалі загадкі і пазнавалі любімых герояў. Асаблівую атмасферу цяпла і дабрыні стварыла чытанне ўслых павучальнай казкі пра сапраўднае сяброўства, якую дзеці слухалі вельмі ўважліва, а пасля дружна абмяркоўвалі.

Напрыканцы мерапрыемства бібліятэкар сардэчна запрасіла першакласнікаў наведаць Гудагайскую бібліятэку-клуб ужо разам з бацькамі, каб стаць яе паўнапраўнымі чытачамі. Сустрэча падарыла дзецям шмат станоўчых эмоцый і, спадзяемся, запаліла ў іх сэрцах цікавасць да чытання.