Беларусь ад А да Я

У бібліятэцы-філіяле аг. Трабы прайшоў урок беларусазнаўства “Беларусь ад А да Я” для выхаванцаў прышкольнага аздараўленчага лагера “Непаседы”.

Падчас сустрэчы вялася размова пра непаўторнае хараство прыроды, самабытныя рамёствы, багацце роднай мовы і славутых людзей нашай Бацькаўшчыны. Замацаваць веды пра родную краіну і паказаць сваю эрудыцыю дзеці змаглі ў тэматычнай інтэрактыўнай гульні. Бібліятэкар падрыхтавала для іх незвычайную кветку, пад кожным пялёсткам якой хаваліся захапляльныя выпрабаванні і падказкі. Адкрываючы іх, дзеці выконвалі розныя заданні: спрабавалі сябе ў ролі перакладчыкаў, успаміналі трапныя прыказкі і прымаўкі, разгадвалі цікавыя рэбусы і загадкі і называлі знакамітых суайчыннікаў.

Напрыканцы мерапрыемства вядучая пажадала ўсім прысутным захаваць назаўсёды павагу і любоў да роднай зямлі, якая іх гадуе і стварае ўсе ўмовы для шчаслівай будучыні.