“Натхненне ў кожным радку” — твочая сустрэча з А. Кузняцовай
У Навагрудскай раённай бібліятэцы адбылася творчая сустрэча з сучаснай беларускай пісьменніцай, лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесяй Кузняцовай.
Алеся Георгіеўна Кузняцова — яскравы прадстаўнік новага пакалення беларускіх аўтараў, вядомая таксама як журналіст, прадзюсар і рэжысёр. Яе кнігі “Калі трашчыць лёд”, “Рускі пасадобль”, “Святло за гарамі”, “Медаль высакародных”, “Дзяўчына ў чорнай туніцы” і іншыя заваявалі прызнанне як у крытыкаў, так і ў шырокага кола чытачоў, у тым ліку на папулярнай платформе “ЛітРэс”.
Госця прэзентавала навагрудчанам свае творы і пагутарыла з прыхільнікамі літаратуры. Пісьменніца расказала пра творчы шлях, літаратурныя пошукі і крыніцы натхнення, а таксама падзялілася думкамі наконт ролі жанчыны ў сучасным грамадстве.
Завяршылася сустрэча аўтограф-сесіяй. Усе жадаючыя маглі не толькі атрымаць памятны подпіс, але і асабіста паразмаўляць з пісьменніцай ды зрабіць фота на памяць. Аўтарка з радасцю падпісвала экзэмпляры сваіх кніг, пакідала цёплыя пажаданні і дзякавала чытачам за падтрымку і ўвагу.
Мерапрыемства прайшло пры ўдзеле выдавецтва “Беларусь” — менавіта ў гэтым старэйшым кніжным выдавецтве краіны пабачылі свет творы Алесі Кузняцовай. Дапоўніла сустрэчу тэматычная выстава-прагляд “Алеся Кузняцова. Натхненне ў кожным радку”. Творчая сустрэча стала значнай падзеяй для культурнага жыцця горада ў Год беларускай жанчыны.