З любоўю да роднай мовы
Да Міжнароднага дня роднай мовы ў Свіслацкай раённай бібліятэцы прайшло інтэлектуальнае спаборніцтва — конкурс знаўцаў “З любоўю да роднай мовы”. Удзельнікамі імпрэзы сталі вучні гімназіі №1 імя П. Васіленкі.
Мерапрыемства адкрылася пранікнёным чытаннем верша Максіма Танка “Родная мова”, які задаў асаблівы настрой усёй сустрэчы. Падзяліўшыся на каманды “Аксаміткі” і “Васількі”, школьнікі ўступілі ў захапляльную барацьбу. Турнір складаўся з некалькіх этапаў: “Перакладчыкі”, “Шарады”, “Крылатая паштоўка”, “Беларускія загадкі”, “Скарагаворкі” і “Веру — не веру”. Кожнае заданне патрабавала ад падлеткаў не толькі ведаў, але і кемлівасці ды шпаркасці думкі. Гімназісты з гонарам даказалі, што па-сапраўднаму любяць і шануюць сваю спадчыну.
Асабліва кранальным стаў творчы момант “Родная мова — цудоўная мова”: на пялёстках імправізаванага рамонка вучні пакідалі самыя цёплыя словы-эпітэты пра беларускую гаворку. За выдатныя поспехі і актыўны ўдзел каманды былі ўзнагароджаны дыпломамі.
Дапаўненнем да сустрэчы стала тэматычная выстава “Багата, родная ты мова…”, якая яшчэ раз нагадала прысутным пра мілагучнасць, прыгажосць і глыбіню нашага старажытнага слова.