70-годдзе У. Ягоўдзіка: бібліятэкі Свіслаччыны адзначылі свята літаратуры
У сувязі з 70-годдзем з дня нараджэння беларускага дзіцячага пісьменніка Уладзіміра Іванавіча Ягоўдзіка, бібліятэкі ДУК “Свіслацкая раённая бібліятэка” правялі шэраг цікавых літаратурных мерапрыемстваў.
Свіслацкая раённая бібліятэка запрасіла вучняў гімназіі №1 імя П. Васіленка на літаратурную карусель “Як цікава ўсё на свеце з кнігамі У. Ягоўдзіка ўсім дзецям”. Праз мультымедыйную прэзентацыю “Ён раскрыў нам скарбы Радзімы” бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з багатай творчасцю пісьменніка, яго кнігамі, а таксама фактамі пра прыроду, якія раскрываюцца ў яго творах. Дзеці з задавальненнем пазнаёміліся з кнігамі аўтара, удзельнічалі ў гучным чытанні, пазнавальнай гульні “Ядомыя і неядомыя грыбы” і разгадвалі загадкі пра птушак і жывёл. Кніжная выстава “Чароўны свет кніг Уладзіміра Ягоўдзіка” дапоўніла свята.
Філіял “Велікасельская бібліятэка” правёў літаратурную мазаіку “Гэты “Азбукоўнік” склаў дзядзька Ягоўдзік”. Школьнікі, дзякуючы прэзентацыі “Ён раскрыў нам скарбы Радзімы”, даведаліся пра жыццё і творчасць пісьменніка. Асаблівую ўвагу ўдзялілі кнізе “Прыродны азбукоўнік”, дзе аўтар у алфавітным парадку апісвае прыроду. Гэтая кніга дапамагла дзецям успомніць беларускі алфавіт, даведацца шмат новага пра птушак і жывёл, а таксама выканаць цікавыя заданні.
Філіял “Ханявіцкая бібліятэка-цэнтр краязнаўства” арганізаваў пазнавальную вандроўку “Лясныя таямніцы Уладзіміра Ягоўдзіка”. Відэавандроўка “Чароўны свет кніг Уладзіміра Ягоўдзіка” пазнаёміла дзяцей з кнігамі пра родную прыроду, гістарычнае мінулае Беларусі, сярод якіх былі “Лясныя таямніцы”, “Спеўны кірмаш”, “Птушкі побач з намі” і іншыя. Вучні даведаліся пра беларускія расліны, грыбы, птушак і жывёл. Мерапрыемства суправаджалася экалагічнай гульнёй-віктарынай “Жывёлы роднага краю”, загадкамі і прыказкамі пра зімовыя месяцы. У канцы сустрэчы юныя чытачы выбралі творы пісьменніка для хатняга чытання.