Зімовая палітра

Ідэальная зіма – ласка прыроды. І ў гэтым годзе мы можам па-сапраўднаму ў гэтым пераканацца. Вуліцы, дамы, дарогі, лясы і рэкі, занесеныя беласнежным іскрыстым снегам, выглядаюць неверагодна казачна і атмасферна. Таму не дзіўна, што гэтая пара года стагоддзямі натхняла мастакоў. Халодная і суровая, выдатная і ўтульная – мы бачым зіму на палотнах рознай. Такой, як бачылі яе нашы таленавітыя землякі.

Знакаміты беларускі пейзаж «Зімні сон» Вітольда Бялыніцкага-Бірулі – гэта  класіка нацыянальнага мастацтва. Ён адлюстроўвае цішыню зімы з зіхатлівым сняжком, лесам і драўлянай царквой. Карціна перадае мірнае, спакойнае адчуванне зімовага дня, зімовы «сон» прыроды. Мінімальнай колькасцю намаляваных аб’ектаў, адсякаючы ўсё непатрэбнае, мастак даў і настрой, і амаль філасофскае выказванне. Менавіта такой ён бачыў беларускую зіму: сапраўдны спакой і ціхамірнасць прыроды.


Творы беларускага жывапісца Віталя Цвіркі здаюцца простымі па сюжэце – зямля і неба, як на палатне «Блакітны дзень». Але шчырасць і душэўнасць кожнай немагчыма не заўважыць. Якая яна – зямля! І якое неба! Ён, як і Бялыніцкі‑Біруля, нячаста адлюстроўваў напоўненае яркімі фарбамі лета: яго вабіла ранняя вясна, рудая восень, голыя дрэвы лістапада і сотні тонаў зімовага снегу — нават холад у Цвіркі атрымліваўся жывым і напоўненым натхненнем.


Лірыка-эпічныя пейзажы выдатнага майстра і тэатральнага жывапісца Паўла Масленікава сталі сапраўднымі шэдэўрамі айчыннага жывапісу. Яго ніколі не пакідала захапленне роднымі даляглядамі. Беларускія краявіды вабілі творцу ціхім і някідкім хараством — і ён заўжды знаходзіў час для працы на прыродзе, для малявання з натуры, нават у самыя лютыя маразы.  На такіх палотнах, як «Павеяла вясной», майстар, бясспрэчна, як ніхто іншы, пераканаўча перадаў красу нашай зямлі.


Для беларускага мастака Валерыя Шкарубы таксама няма пары года лепшай, чым зіма. Бо для яго гэта кранальнае, скаванае чаканне вясны, час абнаўлення прыроды. Кожны твор майстра – своеасаблівы гімн прыгажосці Беларусі. Такія карціны, як «Вечаровая цішыня» захапляюць, натхняюць на роздум. У палітры – толькі спакойныя і стрыманыя колеры. Яркія фарбы занадта канкрэтныя, за іх буянствам не заўсёды можна разглядзець нешта, акрамя відавочнага.


Кастуся Качана добра ведаюць аматары жывапісу, наведвальнікі мастацкіх выставак, розных вернісажаў. Пейзажныя памкненні мастака адлюстраваны настолькі выразна, рэльефна, настолькі пераканаўча, што адчуваеш уласную прысутнасць у абраных ім мясцінах. У сваіх палотнах майстар спалучае прыродны краявід з архітэктурным ландшафтам Беларусі. Ён смела пашырае далягляды, выбудоўвае кампазіцыю так, каб і ў нас была магчымасць пайсці за мастаком. Карціна «Калядны дзень у Крэве», напрыклад, – гэта і настрой дня, і настрой жыцця ўвогуле.

Запрашаем вас у аддзел мастацтва акунуцца ў чароўны свет беларускага пейзажу. Наш адрас: вул. Савецкая, 25 (уваход з вул. Калючынскай). Тэл.: 62-03-12

 

Яшчэ навіны: