Вечар карысных парад “Кнігі на варце здароўя”

Утульны вечар, напоўнены мудрасцю кніг, прайшоў у бібліятэчным пункце Навагрудскай раённай бібліятэкі. Вечар карысных парад пад прамоўнай назвай “Кнігі на варце здароўя” сабраў нашых паважаных чытачоў “залатога ўзросту”, прапанаваўшы ім прыемны адпачынак.

Мерапрыемства стала неад’емнай часткай рэалізацыі абласнога бібліятэчнага праекта “Разам з кнігай дарогаю дабра”. Бібліятэкар, зычліва і даступна, раскрыла багаты свет выданняў, якія дапамагаюць кожнаму клапаціцца пра сваё здароўе, адкрываючы сакрэты “бібліятэрапіі” як эфектыўнага інструмента для паляпшэння якасці жыцця.

Акрамя традыцыйных друкаваных выданняў, гаворка ішла і пра сучасныя магчымасці: бібліятэкар прадставіла пазнавальныя інтэрнэт-рэсурсы, дзе можна знайсці бясплатныя аўдыякнігі і блогі вядомых спецыялістаў па здаровым ладзе жыцця.

Сапраўдным сюрпрызам для ўдзельнікаў стала другая частка вечара: пад густ і арамат свежазаваранай гарбаты і шчодрую дэгустацыю дамашніх пірагоў і духмянага пячэння адбыўся час для адкрытага дыялогу і абмену асабістым вопытам.

Душэўная і надзвычай пазітыўная размова прыйшлася даспадобы ўсім удзельнікам. Яны пакінулі бібліятэчны пункт не толькі з новымі ведамі і практычнымі парадамі, але і з зарадам бадзёрасці, добрым настроем і жаданнем чакаць новых сустрэч.