Літаратурны куфэрак “Дарогай казак”

Падчас зімовых канікул супрацоўнікі філіяла “Гарадская бібліятэка №2” для дзяцей выхаваўча-аздараўленчага лагера “Сузор’е” ДУА “Сярэдняя школа №10 імя В.І. Пеляніцына г. Слоніма” прыгатавалі сюрпрыз у выглядзе літаратурнага куфэрка пад назвай “Дарогай казак”.

Гэты чароўны куфэрак стаў сапраўдным ключом да скарбаў беларускай народнай творчасці. У ім дзяцей чакалі займальныя заданні і інтэрактыўныя гульні, якія дапамаглі кожнаму праявіць кемлівасць і веданне родных казак. З вялікім імпэтам і цікавасцю хлопчыкі і дзяўчынкі ўдзельнічалі ў гульнях “Хто гэта?”, “З якой казкі гэты ўрывак?” і “Хто згубіў рэчы?”. Асаблівую ўважлівасць школьнікі паказалі падчас выканання задання “Знайдзі герояў казак”, дзе трэба было адшукаць і закрэсліць схаваныя словы.

Яскравым і павучальным завяршэннем сустрэчы стаў прагляд мультфільма “Ліса, мядзведзь і мужык”. Самыя актыўныя ўдзельнікі і лепшыя знаўцы казачных сюжэтаў былі ўзнагароджаны ганаровымі медалямі.

Сустрэча падарыла дзецям шмат станоўчых эмоцый і яшчэ раз нагадала, што канікулы ў бібліятэцы — гэта заўсёды цікавае падарожжа ў свет кніг і добрых сяброў.