Спадчына ў руках майстра

У рамках знакавага праекта “Яны ўзбагацілі культуру Гродзеншчыны” у аддзеле мастацтва абласной бібліятэкі адбылася творчая сустрэча пад назвай “Натхнёная прыродай”. Ганаровай госцяй мерапрыемства стала Дамініка Кавалёнак – Народны майстар Рэспублікі Беларусь, чые залатыя рукі ствараюць сапраўдныя цуды.

Дамініка Кавалёнак падзялілася з прысутнымі сакрэтамі свайго майстэрства, расказала пра тое, як прырода натхняе яе на стварэнне неверагодных твораў. Асаблівую цікавасць выклікала дэманстрацыя працэсу стварэння некаторых элементаў, што дазволіла гледачам ўбачыць, як нараджаецца прыгажосць.

Дамініку Дамінікаўну прыйшлі падтрымаць лаўрэат спецпрэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, майстар народных мастацкіх рамёстваў аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Шавельская Ірына Францаўна і вядучы метадыст аддзела традыцыйнай мастацкай культуры Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Барысевіч Яніна Анатольеўна.

Нотку чараўніцтва дадалі вечарыне музычныя кампазіцыі ў выкананні супрацоўнікаў бібліятэкі: Аляксандра Блажукевіча і Вікторыі Саковіч.

Дзякуем Дамініцы Кавалёнак за талент і шчырасць! Такія мерапрыемствы – гэта заўсёды не толькі знаёмства з выдатнымі людзьмі, але і важны крок у захаванні і папулярызацыі багатай культурнай спадчыны Беларусі.