Абярнуся я шэрай зязюляй

Абярнуся я шэрай зязюляй: беларускія народныя балады з пераказам на рускую і англійскую мовы / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. – Мінск: Беларуская навука, 2025. – 222, [1] c. – (Фальклорныя скарбы Беларусі)

 Балады былі першым фальклорным жанрам, які скіраваў увагу на лёс асобнага чалавека, драматычныя і трагічныя калізіі сямейнага побыту. Яны былі папулярнымі яшчэ ў Сярэднявеччы, а на нашы землі тэрмін прыйшоў у эпоху рамантызму з Заходняй Еўропы. Балады ўвайшлі у залаты фонд творчасці Яна Чачота, Тамашана Зана, Адама Міцкевіча.

Зборнік беларускіх народных балад з пераказам на рускую і англійскую мовы лірычны і захапляльны, бо менавіта ў баладзе пераказваюцца незвычайныя, неардынарныя падзеі, хоць часта трагічныя ды тужлівыя. Уключаны балады з розных рэгіёнаў Беларусі як у запісах сярэдзіны ХХ ст., так і зусім нядаўнія: міфарытуальныя, казачныя і легендарныя, балады з загадкамі, карагодна-гульнявыя, навелістычныя балады.

Аўдыядадатак паслужыць падарункам для аматараў народных спеваў. Тэксты ілюстраваныя адметным відам беларускага народнага мастацтва – выцінанкамі, створанымі Галінай Жураўлёвай. Аўтэнтычнае гучанне балад можна паслухаць па кюар-кодзе.

Пазнаёміцца з кнігай можна ў аддзеле даведачна-інфармацыйнай і краязнаўчай работы (вул. Карбышава, 17, каб. 107). Тэл.: 71-89-54.