Юбіляры лістапада
65 гадоў з часу заснавання ДУА “Зэльвенская дзіцячая школа мастацтваў” (1960).
1 – 75 гадоў з дня нараджэння Аўчыннікава Уладзіміра Аляксеевіча (1950 г., Гродна – 2020), беларускага вучонага ў галіне прамянёвай тэрапіі і дыягностыкі, урача-радыёлага, педагога, выдатніка аховы здароўя Беларусі. З 1977 г. працаваў у Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.
1 – 45 гадоў з часу заснавання ДУК “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Гродзенскі абласны тэатр лялек”, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2003 г. і 2014 г. у намінацыі “За ўклад у развіццё міжнародных культурных сувязей”, прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры 2015 г. (1980).
5 – 75 гадоў з дня нараджэння Таран Рэгіны Іванаўны (нар. у 1950 г., в.Стадаляны Шчучынскага раёна), беларускага педагога. У 1985-1989 гг. працавала дырэктарам СШ № 13 г.Гродна. У 1989-1996 гг. – дырэктар школы-гімназіі № 30 г.Гродна. з 1997 г. працуе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы.
6 – 60 гадоў з дня нараджэння Навагродскага Тадэвуша Антонавіча (нар. у 1965 г., в.Арцюшы Шчучынскага раёна), беларускага этнографа, гісторыка, прафесара.
9 – 220 гадоў з дня нараджэння Нядзельскай Альжбеты (1805, Гродна – 1883), артысткі драматычнай і музычнай сцэны (каларатурнае сапрана). У 1820 г. дэбютавала ў Гродне ў трупе К. Камінскага.
14 – 120 гадоў з дня нараджэння Васілька Міхася (сапр. Касцевіч Міхаіл Восіпавіч; 1905, в.Баброўня Гродзенскага раёна – 1960), беларускага паэта. З 1950 г. жыў у Гродне, працаваў у абласной газеце “Гродзенская праўда”.
14 – 120 гадоў з дня нараджэння Масонава Мікалая Паўлавіча (1905 – 1944), удзельніка вызвалення Гродзеншчыны ў Вялікую Айчынную вайну, Героя Савецкага Саюза (1944).
14 – 80 гадоў з дня нараджэння Шкуратава Ігара Мікалаевіча (нар. у 1945 г., Ашмяны), беларускага мастака (станковая графіка, акварэль), мастацкага педагога.
15 – 190 гадоў з дня нараджэння Гаркаві Аўрама Якаўлевіча (1835, Навагрудак – 1919), яўрэйскага і рускага ўсходазнаўца, семітолага, доктара гістарычных навук (1872).
20 – 90 гадоў з дня нараджэння Апіёка Мікалая Афанасьевіча (нар. у 1935 г.), беларускага мастака тэатра, жывапісца, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2007), кавалера ордэна Ф. Скарыны. У 1964-1974 гг. працаваў у Гродзенскім абласным драматычным тэатры.
21 – 100 гадоў з дня нараджэння Геруса Сямёна Пятровіча (1925 г., в.Кунічна Навагрудскага раёна – 1998), беларускага мастака-графіка.
21 – 75 гадоў з дня нараджэння Верацілы Валянціна Алегавіча (нар. у 1950 г., в.Навасёлкі Ваўкавыскага раёна), інжынера, тэхніка, лаўрэата прэміі імя А.І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне літаратуры і мастацтва” ў намінацыі “Мецэнат года” (2003). 2000-2018 гг. –генеральны дырэктар ААТ “Краснасельскбудматэрыялы”.
21 – 70 гадоў з дня нараджэння Нікалаева Мікалая Віктаравіча (нар. у 1955 г., Шчучын), беларускага гісторыка, грамадскага дзеяча, культуролага, мастацвазнаўца, доктара філалагічных навук, аднаго са стваральнікаў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу.
25 – 230 гадоў з часу падпісання Станіславам Аўгустам Панятоўскім акта адрачэння ад прастола. Гродзеншчына ўваходзіць у склад Расійскай імперыі (Гродна; 1795).
27 – 125 гадоў з дня нараджэння Лаўскага Вячаслава Якубавіча (1900, в.Слачва Навагрудскага раёна – 1951), беларускага грамадска-культурнага дзеяча, публіцыста, педагога, аднаго з заснавальнікаў беларускага студэнцкага руху. У 1920-1922 гг. вучыўся ў Навагрудскай беларускай гімназіі. У 1930-1934 гг. – выкладчык Навагрудскай беларускай гімназіі. З 1939 г. – начальнік Лідскага дарожнага аддзела.
29 – 100 гадоў з дня нараджэння Пятроўскага Ігара Сяргеевіча (1925 – 2005), рэжысёра, заслужанага дзеяча мастацтваў Татарстана і Абхазіі. У 1984-1991 гг. працаваў мастацкім кіраўніком і дырэктарам Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра.