Для тых, хто не верыць у цуды

Раман-казку «Лета на Зачараваным балоце» Кацярыны Хадасевіч-Лісавой абавязкова раім прачытаць усім, хто не верыць у цуды. Твор пазнаёміць юнага чытача з міфічнымі істотамі палескага балота — цмокам Дарункам, ведзьмай Кларынай, кікімарай Кікі і іншымі.

Гэта гісторыя пра тое, як канікулы ў вёсцы могуць стаць сапраўднай казкай. Балота, якое многія ўспрымаюць як звычайны і сумны куток, адкрываецца перад героямі месцам поўным таямніц, прыгод і чараўніцтва. Дзеці вучацца слухаць прыроду, бачыць яе прыгажосць. Твор раскажа чытачам, як фантазія  можа ператварыць самыя звычайныя мясціны ў свет прыгод, пра сапраўднае сяброўства і пра здольнасць чалавека адчуваць жывую сувязь з прыродай. Гэта аповесць пра радасць жыцця, пра магію дзяцінства, калі нават травінка ці кропля расы здаюцца дзівоснымі.

На фоне містычных падзей і балотных краявідаў разгортваюцца гісторыі сапраўднага кахання, моцнага сяброўства і шчырай самаахвярнасці. Галоўным героям давядзецца прайсці праз шэраг выпрабаванняў, дзе рашэнні трэба прымаць і розумам, і сэрцам. Адкрыты фінал з інтрыгай дае падставу для разважанняў і здагадак, таму кожны чытач можа прыдумаць свой працяг таямнічай гісторыі.

Зацікавіць аповесць не толькі падлеткаў, але і дарослых. Яна нагадае ім пра тое, што чараўніцтва заўсёды побач, трэба толькі зноў навучыцца глядзець на свет дзіцячымі вачыма.

Пазнаёміцца з кнігай можна ў дзіцячым аддзеле абласной бібліятэкі.

Чакаем вас на Савецкай, 25!