Абласны семінар “Папулярызацыя кнігі і чытання: эфектыўныя шляхі і сучасныя падыходы”

У Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы адбыўся семінар, прысвечаны папулярызацыі кнігі і чытання. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама, спецыялісты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама загадчыкі аддзелаў маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы раённых/гарадской цэнтральнай бібліятэк рэгіёна.

Семінар быў насычаны цікавай і карыснай інфармацыяй. Удзельнікі не толькі атрымалі новыя веды, але і актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіях.

Спецыялісты Нацыянальнай бібліятэкі падзяліліся вопытам у галіне навуковай дзейнасці, метадычных распрацовак, алічбоўкі дакументаў і патрыятычнага выхавання праз экскурсіі.

Калегі з гарадскіх бібліятэк Гродна прадставілі ўнікальныя праекты. Супрацоўнікі бібліятэкі № 3 паказалі калекцыю лялек, прадставілі праект “Замкі Беларусі” і батлеечны спектакль па творы Р. Баравіковай “Купалле”.

Удзельнікі семінара прадоўжылі прафесійны візіт у аддзел абслугоўвання дзяцей ГЦБ ім. А. Макаёнка, супрацоўнікі якога падзяліліся сваім досведам працы з дзіцячай аўдыторыяй. Пра тое, як прасоўваць свае паслугі ў сацыяльных сетках, расказаў намеснік начальніка Цэнтра па сувязях з грамадскасцю УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. Я. Купалы” А. Т. Ёда.

Семінар прайшоў на высокім прафесійным узроўні, падкрэсліўшы важнасць абмену вопытам. Дырэктар ДУК “ГОНБ імя Я.Ф. Карскага” Марына Эдвардаўна адзначыла значнасць такіх мерапрыемстваў для развіцця бібліятэчнай справы.

Дзякуем усім удзельнікам за актыўны ўдзел і цікавыя ідэі! Разам мы набліжаем кнігі і чытанне да кожнага!