Чароўны куфэрак часу

Кебіч, Л. А. Чароўны куфэрак часу : апавяданне з элементамі фэнтэзі / Людміла Кебіч ; [мастак С. Стахоўская]. – Мінск : Звязда, 2024. – 43, [3] с.

Людміла Антонаўна Кебіч – паэтэса, празаік, перакладчык, музычны педагог, ганаровы член СПБ, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення саюза пісьменнікаў Беларусі. Таксама Лаўрэат прэміі імя А.І.Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў 2002 годзе” па намінацыі “Пісьменнік года”, Заслужаны работнік культуры. Аўтар шэрагу вершаў, апавяданняў, нарысаў як для дзяцей так і для дарослых.

Новы твор пісьменніцы “Чароўны куфэрак часу” – гэта апавяданне з элементамі фэнтэзі, якое выйшла ў Выдавецкім доме “Звязда” для чытачоў малодшага ўзросту з цікавымі, пазнавальнымі гісторыямі з мінулага самой Людмілы Кебіч, якія вучаць любіць і паважаць родных, сваю сям’ю.

Кніга расказвае пра хлопчыка і дзяўчынку, якія прыехалі на зімовыя канікулы да прабабулі Веры. Гарадскім школьнікам было нецікава ў вёсцы, не было чым займацца. І аднойчы Яначка і Сафійка – галоўныя героі – знайшлі старадаўні куфэрак, які стаяў у адным з пакояў, і адчыніўшы яго, апынуліся ў мінулым, таму што ён на самой справе быў зачараваны. Брата і сястру чакалі незвычайныя прыгоды, сустрэча з маладой прапрабабуляй Агатай — вялікай майстрыхай-вышывальшчыцай. Яна пазнаёміла сваіх далёкіх нашчадкаў з таямніцай арнаменту, растлумачыла значэнне вышытых сімвалаў на ручніку, таксама расказала пра асаблівае стаўленне нашых продкаў да сям’і. А самае галоўнае — запаліла ў сэрцах дзяцей любоў і павагу да свайго, роднага, і праз гэтыя пачуцці дапамагла лепш зразумець і спазнаць саміх сябе, сямейныя каштоўнасці, атрымаць станоўчыя эмоцыі. Разам з прабабуляй Верай дзеці пабывалі ў музеі этнаграфіі, што знаходзіцца ў вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёна, які стварыў прадзядуля Алесь. Напрыканцы кнігі Яначка і Сафійка выказалі жаданне вывучаць этнаграфію і фальклор, каб пазнаць яшчэ шмат цікавага і невядомага.

Малюнкі Святланы Стахоўскай зрабілі твор больш прывабным, прыцягальным для чытачоў малодшага школьнага ўзросту.

За кнігай звяртайцеся ў дзіцячы аддзел бібліятэкі (вул. Савецкая, 25).