“Сцяжынкай мовы роднай” прайшлі юныя чытачы дзіцячага аддзела

Сёння, 21 лютага, ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы – свята, сэнсам якога з’яўляецца папулярызацыя моўнай разнастайнасці і спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый кожнай нацыі.
У дзіцячым аддзеле абласной бібліятэкі ўвесь тыдзень традыцыйна ладзіліся святочныя мерапрыемствы.
Кніжная выстава “РоднаеГоднае” прадставіла ўвазе наведвальнікаў творы беларускіх пісьменнікаў-класікаў, а таксама зусім новыя выданні сучасных аўтараў, зборнікі беларускіх народных казак, краязнаўчыя альбомы. Ярка ілюстраваныя “Дзіцячыя атласы Беларусі” пра жывёл, расліны, культуру і выданні з серыі “Беларуская дзіцячая энцыклапедыя” паведамілі наведвальнікам аддзела неверагодныя факты аб нашай краіне.
Маленькім гасцям з дзіцячага садка №25 была прапанавана літаратурна-гульнёвая праграма “Беларуская казка – розуму падказка”. Дзеці ўзгадалі казачных герояў, праявілі кемлівасць пры разгадванні загадак, а таксама “пачаставалі” гасцей у гульні “Добры гаспадар”.
Навучэнцы гімназіі №7 прынялі ўдзел у медыязанятках “Чытаем на роднай мове” і віртуальным падарожжы па Беларусі.
“Кніжныя дэсанты” на гэтым тыдні былі прысвечаны Дню роднай мовы. Супрацоўнікі бібліятэкі наведалі дзіцячыя сады №№42, 57, 63 з літаратурна-гульнёвай праграмай “Сцяжынкай мовы роднай”.
Дашкольнікі ў гульнях пазнаёміліся з сімваламі беларускага народнага арнаменту і з беларускай народнай казкай “Піліпка-сынок”, а таксама разам прачыталі верш Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык” і адгадалі загадкі Яніны Жабко.
Крэатыўная лабараторыя ЛЕГА Мультыцэнтра “Совушка” прадставіла магчымасць хлопчыкам і дзяўчынкам пабудаваць Беларусь сваёй мары.