Вялікія дасягненні бібліятэчнай сферы рэгіёна

11 лютага ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў адбылася выніковая калегія аб рабоце арганізацый культуры Гродзенскай вобласці за 2024 год.

Галоўнай кульмінацыяй урачыстага дня і сапраўдным цэнтрам экспазіцыі стала выстава кнігі “Наш Прэзідэнт”, прадстаўленая абласной навуковай бібліятэкай імя Я.Ф. Карскага. З асаблівым трапятаннем кожны госць імкнуўся пазнаёміцца са зместам унікальнага выдання.

Дзейнасць бібліятэчных сістэм рэгіёну адзначылася прэзентацыяй выдатных распрацовак і праектаў на абласной выставе дасягненняў устаноў культуры. Ключавым элементам экспазіцыі сталі віртуальныя рэсурсы “Гэта нашай памяці гісторыі радкі”, падрыхтаваныя публічнымі бібліятэкамі вобласці да 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. База дадзеных Мастоўскай раённай бібліятэкі, інтэрактыўны плакат Смаргонскай, анлайн-дасье Ваўкавыскай, віртуальная гульнятэка Палужскай СБ Карэліцкага раёна і іншыя ў чарговы раз прадэманстравалі высокі ўзровень крэатыўнасці рэгіянальных бібліятэк. Інтэрактыўныя гульні ваеннай тэматыкі, пазлы адпаведнай накіраванасці і плакаты ў зменшанай форме ад Карэліцкай, Навагрудскай і Смаргонскай бібліятэчных сістэм выклікалі вялікую цікавасць у наведвальнікаў калегіі і сталі дадаткам да віртуальных рэсурсаў, якія асвятлялі падзеі Вялікай Айчыннай вайны.

На выставе лепшых дасягненняў прадстаўлены і бібліятэчныя ініцыятывы, якія прынеслі дадатковы даход бібліятэчным установам. Тэматычныя пляцоўкі абласной бібліятэкі ДУК “Астравецкая раённая бібліятэка” і ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка” прадэманстравалі паспяховыя вынікі рэалізацыі праектаў: “Б.І.К.: Бібліятэка. Інклюзія. Культура”, “Лялечны тэатр дзіцячай бібліятэкі “Тэатр чароўных лялек”, “Руская народная казка як феномен традыцыйнай культуры”.

Такім чынам, прадстаўленыя інавацыйныя распрацоўкі і крэатыўныя падыходы прадэманстравалі высокі ўзровень развіцця бібліятэчнай галіны ў цэлым.

Падчас мерапрыемства адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання дзеячаў культуры, у тым ліку супрацоўнікаў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага, загадчыка сектара арганізацыі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій дзіцячага аддзела Мазоль Ірыну Тадэвушаўну і загадчыка дзіцячага аддзела Арлюк Святлану Аляксандраўну.