Бібліятэка: жывём у фармаце сённяшняга дня

Спецыялісты аддзелаў маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Гродзенскага рэгіёна сабраліся ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Я. Купалы на абласны семінар “Бібліятэка: жывём у фармаце сённяшняга дня”. Падчас прафесійнай сустрэчы ўдзельнікі абмеркавалі інтэрактыўныя методыкі ў бібліятэчнай практыцы, пагаварылі пра якасць і вынікі праектнай дзейнасці, пазнаёміліся з дасягненнямі бібліятэчнай сферы Лідскага рэгіёна.

Супрацоўнікі цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска Мацко Карына і Сачко Караліна ў сваім выступленні паспрабавалі адказаць на пытанне “Бібліятэка і сацыяльныя сеткі: саюзнікі ці сапернікі?” Анлайн-паведамленне калег з Валагодскай абласной дзіцячай бібліятэкі Расійскай Федэрацыі выклікала цікавасць: яны падзяліліся вопытам работы па далучэнні дзяцей да чытання праз праекты і літаратурныя турніры.

Грунтоўна метадысты падышлі да часу нестандартных ідэй “Адкрытая бібліятэка”. Працуючы ў групах, кожная каманда прадставіла канцэпцыю правядзення такіх мерапрыемстваў як свята кнігі, бібліяночы, дзён нясумнай класікі і падарожжа.

У дзіцячай бібліятэцы г. Ліда прысутныя акунуліся ў мясцовыя таямніцы падчас краязнаўчай экспедыцыі, якая праходзіла ва ўстанове для школьнікаў. Затым удзельнікі абласнога мерапрыемства з вялікім задавальненнем наведалі візітку Прынёмання – Лідскі замак, дзе здзейснілі гістарычную вандроўку ў мінулае.

Семінар атрымаўся насычаным: па выніках працы кожны спецыяліст для сябе занатаваў рабочую папку метадыста для прымянення ў бібліятэках сваёй сістэмы.